Задержание инкассаторов. Скриншот видео
Украінскія інкасатары, затрыманыя ўчора ў Венгрыі, вызвалены і дастаўлены ва Украіну.
«Цяпер яны знаходзяцца ў бяспецы і ўжо перасеклі ўкраінскую мяжу. Нашы консулы аказалі ім неабходную дапамогу», — заявіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.
Нагадаем, 5 сакавіка ў Венгрыі былі затрыманыя сем украінскіх інкасатараў з грузам валюты і золата, які яны везлі з Аўстрыі ва Украіну паводле дамовы паміж аўстрыйскім Raiffeisen Bank International AG і ўкраінскім «ОЩАДБАНКом». Кіеў абвінаваціў Будапешт у захопе закладнікаў. Венгерскае Нацыянальнае падаткова-мытнае ўпраўленне заявіла, што ўкраінцы былі затрыманыя ў сувязі з расследаваннем па падазрэнні ў адмыванні грошай.
Венгрыя заявіла, што затрыманыя будуць выдворены з краіны. Паводле паведамлення ўрада Венгрыі, сярод затрыманых быў экс-генерал СБУ.