Венгерскае Нацыянальнае падаткова-мытнае ўпраўленне растлумачыла затрыманне ўкраінскіх інкасатараў з грузам валюты і золата расследаваннем па падазрэнні ў адмыванні грошай. Пра гэта піша Index.
Падатковая служба пацвердзіла затрыманне сямі грамадзян Украіны, сярод іх называюць былога генерала разведкі.
«Толькі ў гэтым годзе праз тэрыторыю Венгрыі ва Украіну было перавезена больш за 900 млн долараў, 420 млн еўра і 146 кілаграмаў залатых зліткаў. Расследаванне праводзіць Падатковая служба ў адпаведнасці з крымінальна-працэсуальным кодэксам пры садзейнічанні Цэнтра па барацьбе з тэрарызмам», — прыводзіцца цытата з заявы падатковай службы.
Таксама паведамляецца, што ўкраінская консульская служба была апавешчана пра затрыманне, аднак ад яе нібыта ніякай інфармацыі не атрымана.
Тым часам міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ўжо выступіў з заявай наконт затрымання. У ёй таксама гаварылася, што Венгрыі была накіравана афіцыйная нота.
Украінскія інкасатары былі затрыманыя на АЗС на адной з аўтадарог Венгрыі ў чацвер днём. Аўтамабілі былі з украінскімі нумарамі. Пасля затрымання іх даставілі ў Будапешт.
Інцыдэнт адбыўся на фоне ўзмацнення напружанасці паміж Венгрыяй і Украінай вакол паставак па нафтаправодзе «Дружба». Ён быў пашкоджаны ў выніку расійскага ўдару ў студзені. Венгерскі бок настойвае на тым, што Кіеў не аднаўляе пастаўкі па палітычных, а не тэхнічных прычынах.
Раней Будапешт заблакаваў прыняцце 20-га пакета санкцый супраць Расіі, а таксама зацвярджэнне крэдыту для Украіны ў памеры 90 млрд еўра. Дадатковым фонам для супрацьстаяння з’яўляецца выбарчая кампанія ў Венгрыі, дзе ў апытаннях кіруючая партыя прэм’ер-міністра Віктара Орбана пакуль саступае апазіцыі.