Скриншот видео t.me/pressmvd
У МУС заявілі пра раскрыццё ў Гродзенскай вобласці махлярскай схемы пад выглядам дабрачыннага фонду «Цуд дзецям».
Паводле даных ведамства, чацвёра замежнікаў ва ўзросце ад 21 да 48 гадоў у 2024 годзе зарэгістравалі ў Беларусі арганізацыю, якая нібыта збірала сродкі для дапамогі цяжкахворым дзецям. Да збору ахвяраванняў на вуліцах абласных цэнтраў былі прыцягнуты больш за 120 падлеткаў ва ўзросце 14–16 гадоў.
Для стварэння бачнасці дзясятая частка сабраных сродкаў накіроўвалася на статутныя мэты. Астатнія грошы — каля 400 тысяч рублёў — былі вывезены наяўнымі за межы краіны. Мяркуецца, што рэальная сума можа быць значна большай.
Канфіскаваны камп’ютарная тэхніка, справаздачная дакументацыя і частка сабраных грошай. Пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле аб махлярстве. Фігурантам пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.