Замежных дыпламатаў паклікалі ў беларускі МЗС паслухаць пра правы чалавека
Рэдакцыя Reform.news · 9 сакавіка 2026, 18:38
https://reform.news/be/zamezhnyh-dyplamata-paklikali-belaruski-mzs-pasluhac-pra-pravy-chalaveka/Замежных дыпламатаў сабралі ў МЗС для брыфінгу пра правы чалавека.
9 сакавіка ў беларускім МЗС прайшоў брыфінг па пытаннях правоў чалавека для акрэдытаваных у краіне прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса. Мерапрыемства правёў намеснік міністра замежных спраў Ігар Секрэта.
Секрэта звярнуў увагу на «высокі канфліктны патэнцыял і правакацыйны характар праваабарончай праблематыкі ў міжнародных адносінах», а таксама заявіў пра рост палітызацыі, тэндэнцыю да канфрантацыі і блокавага мыслення на дыскусіях па краінавых сюжэтах у Савеце ААН па правах чалавека.
Намеснік кіраўніка МЗС Беларусі прадставіў пазіцыю Мінска па пытаннях праваабарончай праблематыкі і заявіў, што яна заснавана на перакананні, што «правы чалавека павінны разглядацца перш за ўсё як прастора для канструктыўнага ўзаемадзеяння, а не палітычнага супрацьстаяння».
У МЗС пацвердзілі “прыхільнасць Беларусі дыялогу, умацаванню даверу і развіццю міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне правоў чалавека”.

