Захраслая ў Беларусі грамадзянка Індыі вылеціць на радзіму заўтра

Грамадзянка Індыі Міна Джошы, якая апынулася ў Беларусі без працы і грошай, вылеціць у Дэлі заўтра, 23 студзеня, паведамляе gujaratijagran.com.

Паводле інфармацыі выдання, агент, з якім супрацоўнічала жанчына, набыў ёй зваротны білет. Яна прыляціць у Дэлі рэйсам «Белавія».

Як распавяла Джошы, яна паехала ў Беларусь праз агента. Ёй абяцалі працу на ўпакоўцы садавіны, але на месцы высветлілася, што яна павінна прыбіраць хлеў. Яна прапрацавала ў такіх умовах тыдзень, а потым вырашыла вярнуцца дадому, але не магла звязацца з агентам.

Пасля гэтага жанчына запісала відэа, у якім распавяла, што не атрымала абяцанай працы і заробку, жыве ў кароўніку і не можа вярнуцца ў Індыю з-за адсутнасці грошай. Пра сітуацыю напісалі індыйскія і беларускія СМІ.

МУС Беларусі назвало інфармацыю пра грамадзянку Індыі такой, што не адпавядае рэчаіснасці. МУС патлумачыла, што ў лістападзе жанчына атрымала працу і дазвол на часовае пражыванне, але праз 8 дзён скасавала кантракт, што прывяло да анулявання дазволу. Пасля гэтага яна выязджала ў Расію, але вярнулася ў Беларусь. МУС паабяцала правесці праверку і даць прававую ацэнку дзеянням пасярэднікаў і наймальнікаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!