З Берліна ў Варшаву: Беларуская прэмія кінакрытыкаў «Чырвоны верас’26» рыхтуецца да цырымоніі ў Kino Luna
Фота: сацсеткі кінатэатра.
Калі ў 2024-м лаўрэатаў беларускай прэміі кінакрытыкаў абвяшчалі ў межах Берлінскага міжнароднага кінафестывалю, то сёлета «Чырвоны верас» пераязджае ў Варшаву. 28 лютага ў сталічным кінатэатры Kino Luna стане вядома, якія стужкі эксперты прызналі найлепшымі за апошнія два гады.
Варшаўская цырымонія абяцае быць маштабнай: журы з 20 прафесіяналаў ацэньвала 60 фільмаў (ігравых, дакументальных і анімацыйных). У цэнтры ўвагі — не толькі мастацкія дасягненні, але і бяспека: з-за рэпрэсій у Беларусі частка прац застаецца ў спісах ананімна.
На імпрэзе будуць названыя пераможцы ў 15 традыцыйных і новых намінацыях: упершыню ў трэцяй эдыцыі прэміі ацэняць найлепшы мантаж і дакументальны рэпартаж.
Вядоўцамі вечара выступяць Крысціна Дробыш і Павел Гарадніцкі.
Фота: сацсеткі прэміі “Чырвоны верас”.
Нагадаем, што ў галоўных намінацыях ідзе барацьба паміж вельмі моцнымі і рознымі па духу працaмі.
У катэгорыі «Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм» гэта:
«Пад шэрым небам» Мары Тамковіч — драма, заснаваная на рэальнай гісторыі журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша. Фільм распавядае пра арышт журналісткі Алены пасля стрыму з Плошчы Пераменаў і барацьбу яе мужа Іллі, які застаецца ў краіне, нягледзячы на небяспеку, спрабуючы вызваліць жонку.
«Працэсы» Андрэя Кашперскага — з’едлівая сатыра і сюррэалістычны погляд на абсурд сучаснай сістэмы, дзе гратэск становіцца адзінай магчымай мовай для апісання рэчаіснасці.
«Чароўныя нажнічкі» Anny Avoty — унікальная стылізацыя пад нямое чорна-белае кіно, якая на 60 хвілін апускае гледача ў атмасферу габрэйскага мястэчка. Стужка, якая стваралася шэсць гадоў, уражвае аўтарскім саўндтрэкам, заснаваным на архівах беларускай і габрэйскай музычных традыцый.
Кадр з эпізоду «Патрыятычнае практыкаванне» серыяла «Працэсы». Скрын з экрана.
У намінацыі «Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм» канкуруюць:
«Радзіма» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча — глыбокае даследаванне культуры гвалту і дзедаўшчыны ў беларускім войску, якое стала адным з самых тытулаваных беларускіх дакументальных фільмаў апошніх гадоў.
«Так шмат і так мала» Аляксандра Матафонава — вельмі асабісты фільм-дзённік, у якім рэжысёр назірае за жыццём уласнай сям’і пасля вымушанай эміграцыі. Гэта шчырая гісторыя пра тое, як крохкі прыватны свет спрабуе ўкараніцца на новым месцы.
«Уліс» Мікіты Лаўрэцкага — маштабны дзесяцігадзінны эксперымент, які балансуе на мяжы дакументалістыкі. Праз архіўныя здымкі Руслана Зголіча — рэжысёра і эксцэнтрычнага «гарадскога вар’ята» — Лаўрэцкі стварае калектыўны партрэт Мінска 2010-х – 2020-х. Гэта кіно — акно ў іншы досвед, дзе глядач мусіць вызначыць сам межы прыватнага і публічнага.
Кадр з фільма “Так шмат і так мала”. Фота: сайт фестывалю “Бульбамуві”.
У новай катэгорыі «Найлепшы дакументальны рэпартаж» спаборнічаюць фільмы вядомага праекта Аляксандра Гарадко ды дуэта фатографаў Канаплёў+Лейдзік «Без рэтушы» і эсэ праекта «ШокінгГайд» Арцёма Лобача. Менавіта:
«Без рэтушы: Насця Рыдлеўская» (А. Гарадок, Канаплёва+Лейдзік) — зорны дуэт фатографаў прымяняе свой метад «глыбокага пагружэння» ў Гданьску. У кадры — мастачка Насця Рыдлеўская, размовы пра небінарнасць, ментальнае здароўе і творчасць як спосаб выжыць у эміграцыі.
«Без рэтушы: Сяргей Пукст» (А. Гарадок, Канаплёва+Лейдзік) — партрэт «музычнага генія» без масак. Як прыняць эміграцыю, іграць панк-джаз для васьмі гледачоў і заставацца бескампрамісным эксперыментатарам, якому не патрэбна адабрэнне натоўпу.
«Берлін: ад Макса да Алекса. ШокінгГайд» (Арцём Лобач) — меланхалічны і атмасферы шпацыр Максіма Жбанкова па горадзе, «у якім час стаіць, нібы вада ў шклянцы». Лобач фіксуе дух свабоды і хаос Берліну праз погляд вядомага аўтара.
Кадр з фільма праекта «Без рэтушы: Насця Рыдлеўская».
Хто стане пераможцай у гэтых і іншых катэгорыях, стане вядома ўжо неўзабаве.
Адзначым, што арганізатары прэміі запрашаюць валанцёраў і валанцёрак дапамагчы з каардынацыяй падзеі ў Варшаве. Звязацца з камандай «Чырвонага верасу» можна па адрасе: redheatheraward.com@gmail.com.