Фото: t.me/tsikhanouskaya
Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у маладзёжным сайд-івэнце Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, прысвечаным лічбавай дэмакратыі. Мерапрыемства пад назвай «Новая грамадская плошча — гэта экран: пераасэнсаванне дэмакратыі ў лічбавай сферы» сабрала каля 200 удзельнікаў, уключаючы экспертаў, студэнтаў і журналістаў.
Дыскусія была арганізавана сумесна з AmerikaHaus, Офісам Святланы Ціханоўскай і маладзёжнай сеткай Junge DGAP пры Нямецкім таварыстве знешняй палітыкі.
Выступаючы перад удзельнікамі, Ціханоўская падкрэсліла, што для Беларусі інтэрнэт стаў не проста сродкам сувязі, а прасторай, дзе мільёны людзей змаглі знайсці адно аднаго і арганізавацца. Яна адзначыла, што менавіта лічбавыя інструменты — ад платформаў для паралельнага падліку галасоў да Telegram-каналаў і VPN — дазволілі даказаць перамогу дэмсіл на выбарах 2020 года і працягваць каардынацыю пратэстаў нават пры поўным адключэнні інтэрнэту ўладамі. Паводле слоў лідара дэмсіл, беларускі кейс дэманструе, як тэхналогіі ў руках грамадзянскай супольнасці становяцца каталізатарам змен, у той час як у руках дыктатараў яны ператвараюцца ў інструменты сачэння і цэнзуры.
“Магчыма, нехта з вас бачыў нямецкі фільм «Good Bye, Lenin!». Ён вельмі добра паказвае, як працуе прапаганда: яна стварае «правільную» карціну свету, будуе ўтульныя ілюзіі і робіць людзей пасіўнымі. Калі людзі вераць, што ўсё стабільна і пад кантролем, яны перастаюць задаваць пытанні. Яны перастаюць удзельнічаць. Я, напрыклад, усё жыццё трымалася далей ад палітыкі. Я была проста хатняй гаспадыняй, маці дваіх дзяцей. Як і многім іншым, мне казалі, што палітыка — гэта небяспечна, што лепш не ўмешвацца, што ёсць «больш разумныя людзі», якія ведаюць лепш. І многія з нас жылі ў такой ілюзіі. Без сумнення, тэхналогіі змянілі ўсё. Часам мяне пытаюцца: што зрабіла ваш рух магчымым? «Дзякуй Богу за інтэрнэт», — адказваю я”, – заявіла палітык.
Ціханоўская адзначыла, што менавіта тэхналогіі зрабілі магчымым пратэсны рух 2020 года і дазваляюць захоўваць сувязь з грамадствам праз пяць гадоў выгнання. Сярод інструментаў і ініцыятыў яна згадала воблачныя сэрвісы, VPN, TikTok, Zoom, штучны інтэлект, працу кіберпартызанаў, праект «Беларускі Гаюн», праграму SVAE.
Асаблівую ўвагу лідар дэмсіл надала адказнасці глабальных карпарацый. Паводле яе слоў, тэхналогіі не нейтральныя: у руках дыктатараў яны ператвараюцца ў зброю сачэння і цэнзуры, у той час як для дэмакратычнага грамадства яны з’яўляюцца інструментам свабоды.
Ціханоўская звярнулася да прадстаўнікоў тэхналагічных карпарацый з заклікам заняць бок дэмакратыі. Яна падкрэсліла, што тэхгіганты павінны спыніць патуранне рэжымам у іх злоўжываннях і больш актыўна падтрымліваць нацыянальныя ідэнтычнасці, у прыватнасці беларускую мову на сваіх платформах. Гэта, на яе думку, з’яўляецца важным элементам абароны ад уплыву «рускага свету».
“У нашым выпадку нацыянальная ідэнтычнасць, мова і культура — гэта таксама зброя супраць так званага «рускага свету». Дарагія сябры, барацьба за дэмакратыю адбываецца літаральна паўсюль — ад Кіева да Тбілісі, ад Кубы да Ірана. Яна вядзецца і ў радках кода, і ў воблачных сэрвісах. І я ведаю, што мы можам і мы пераможам у гэтай барацьбе — разам”, – рэзюмавала яна.
У дыскусіі таксама прынялі ўдзел выканаўчы дырэктар і CEO The Reckoning Project Джанін ды Джавані, карэспандэнтка DW News Africa ва Усходняй Афрыцы Эдыт Кімані, палітолаг і журналістка Кары Одэрман, старшы даследчык Цэнтра геапалітыкі, геаэканомікі і тэхналогій DGAP Катя Муньос, прадстаўніца Junge DGAP Наталія Валерыя Мюлер. Мадэрацыя панэлі праходзіла з удзелам Наталіі Валерыі Мюллер і Аліны Харысавай.