Фото: пресс-служба Белого дома
Дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф падчас нядаўняга візіту ў Маскву перасцерагаў Расію ад атакі на краіны НАТА. Пра гэта паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з ходам візіту.
Да гэтага шэраг выданняў са спасылкай на крыніцы ў разведцы пісалі, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін можа паспрабаваць праверыць рашучасць НАТА з дапамогай абмежаванага нападу на адну з краін альянсу. Верагоднай мэтай была названая адна з краін Балтыі.
Такую ж інфармацыю са спасылкай на дзве крыніцы і брытанскага чыноўніка апублікавала Politico.
«Мэтай яго сустрэчы было перш за ўсё перасцерагчы Расію ад любых эскалацыйных дзеянняў супраць краін Балтыі», – заявіла адна з крыніц выдання.
Яшчэ адной тэмай сустрэчы была падтрымка Ірана. Рэткліф спрабаваў пераканаць Маскву скараціць яе.
У Крамлі не сталі раскрываць падрабязнасці перамоў. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў учора заявіў, што кантакты праходзілі па лініі спецслужбаў, а сустрэчы з Пуціным не было.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў візіт «паўруцінным», але прызнаў, што ён быў накіраваны на завяршэнне вайны.
«Мне не хацелася б расчароўваць людзей. Мы хацелі б, каб вайна з Украінай скончылася», — сказаў ён.