Фото: Campus Polska Przyszłości
Нобелеўскі лаўрэат, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі выступіў на моладзевым мерапрыемстве Campus Polska Przyszłości. Яно штогод збірае маладых актывістаў з усёй Польшчы. Сустрэча з Бяляцкім сёлета адкрыла працу лагера.
Як паведамляе PAP, Алесь Бяляцкі заявіў, што ганарыцца сваёй краінай і моладдзю, якія паказалі, што хочуць жыць у свабоднай краіне.
«Моладзь даказала, што яна — нармальная еўрапейская моладзь, што яна хоча жыць у нармальнай краіне. І для мяне гэта вельмі высокая цана, якую яны за гэта плацяць. Я разумею, што наша праца не была марнай, што ёсць група людзей, якія хочуць жыць у свабоднай Беларусі», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, падчас зняволення ён быў пазбаўлены сувязі са знешнім светам, таму, калі апынуўся ў 2025 годзе ў Літве, быў здзіўлены колькасцю моладзевых ініцыятыў.
“Беларуская моладзь не губляе часу дарэмна. Нам трэба вучыцца і рыхтавацца да перамен. Я ўпэўнены, яны прыйдуць. Беларусы ў Беларусі не могуць дзейнічаць свабодна, яны нават не могуць публікаваць што-небудзь у сацыяльных сетках, але праца працягваецца.
Гэта як рака, якая цячэ пад зямлёй, але калі сітуацыя зменіцца, я перакананы, што гэтая рака выйдзе на паверхню. Я размаўляў з сотнямі людзей і бачыў, наколькі беларускае грамадства не хоча мець нічога агульнага з дыктатурай. Людзі чакаюць падыходнага моманту, свайго часу. Ім трэба працаваць, дзейнічаць, вучыцца і тварыць”, – сказаў ён.
Бяляцкі нагадаў, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, а рэжым з’яўляецца таталітарным. Ён адзначыў, што нядаўна супраць яго была распачата чарговая крымінальная справа.
“Такіх спраў сотні. Грамадства знаходзіцца пад велізарным ціскам, людзі баяцца, але людзі злуюцца на гэты рэжым», – сказаў ён.
Нобелеўскі лаўрэат лічыць, што польскія ўлады правільна ацэньваюць палітычную сітуацыю ў Беларусі.