World Athletics адмовілася здымаць забарону на ўдзел беларускіх спартсменаў насуперак рэкамендацыі МАК

Сусветная лёгкаатлетычная асацыяцыя (World Athletics) адхіліла рэкамендацыю Міжнароднага алімпійскага камітэта зняць забарону на выступленне беларускіх спартсменаў і каманд пад нацыянальным сцягам, піша BBC Sport.

Нагадаем, у чацвер выканкам МАК заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі і арганізатараў спаборніцтваў дапусціць Беларусь да міжнародных спаборніцтваў, захаваўшы пры гэтым абмежаванні для Расіі. МАК абгрунтаваў сваю пазіцыю тым, што Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі «мае добрую рэпутацыю і выконвае Алімпійскую хартыю», а беларускія спартсмены з 2023 года выступаюць на буйных спаборніцтвах як нейтральныя атлеты без якіх-небудзь інцыдэнтаў.

Аднак World Athletics занялі іншую пазіцыю.

«У сувязі з уварваннем Расіі ва Украіну санкцыі World Athletics, уведзеныя ў сакавіку 2022 года і якія выключаюць беларускіх і расійскіх спартсменаў, афіцыйных асоб і дапаможны персанал з удзелу ў спаборніцтвах, застаюцца ў сіле. Наш савет прыняў выразнае рашэнне аб тым, што пры з’яўленні рэальных зрухаў у напрамку мірных перамоў ён зможа прыступіць да перагляду сваіх рашэнняў.

Мы ўсе спадзяёмся, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшы час, але да таго часу савет па-ранейшаму аднагалосна падтрымлівае рашэнне, прынятае ў сакавіку 2022 года і перагледжанае ў 2023 і 2025 гадах», — заявіў прадстаўнік асацыяцыі.

Варта адзначыць, што Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі прывітаў рашэнне выканкама МАК і выказаў надзею, што яно стане арыенцірам для міжнародных спартыўных федэрацый.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!