Иллюстративное фото сгенерировано с помощью ИИ
У выніку хакерскай атакі ў ноч на 7 мая была парушана работа беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org. Дзіўна, але гэтая акцыя па нейкіх прычынах пакуль не выклікала буры абурэння з боку прадстаўнікоў беларускай даследчай супольнасці.
Як расказаў каардынатар праекта Kamunikat.org выдавец Яраслаў Іванюк, у выніку начной хакерскай атакі была знішчана «больш чым 25-гадовая праца многіх людзей». А між тым на серверах інтэрнэт-бібліятэкі захоўвалася больш за 70 тысяч розных беларускіх публікацый — кнігі, газеты, часопісы, аўдыякнігі, відэа– і аўдыяматэрыялы пра Беларусь. Паводле слоў Іванюка, работа па аднаўленні аднаго з найважнейшых архіваў незалежнай беларускай культуры ўжо вядзецца, аднак яна можа заняць шмат часу.
Тое, што адбылося, адразу нагадала нядаўнюю падзею — акцыю «Кіберпартызан», якія павіншавалі з Днём Волі наведвальнікаў сайта Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, размясціўшы на ім адпаведны падзеі плакат з бел-чырвона-белай сімволікай. У выніку сайт НББ стаў недаступны, і праз гэта чытачы страцілі магчымасць аддаленага пошуку патрэбных ім матэрыялаў па электронным каталогу.
Толькі ў акцыі з сайтам Нацбібліятэкі было адно істотнае «але». Як сцвярджалі «кіберы», яны не ламалі сайт, не адключалі яго, а ўжо тым больш не чапалі базы даных і іншую інфармацыю. Падстаў не давяраць гэтым заявам у нас няма. З вялікай доляй верагоднасці наступныя праблемы ўзніклі таму, што кіраўніцтва Нацбібліятэкі, спрабуючы хутчэй пазбавіцца ад непажаданай сімволікі, дало каманду аператыўна адключыць увогуле ўсё. Альбо ж тыя, хто каманду выконваў, не адрозніваліся прамізной рук і здолелі залезці нават туды, куды не варта было. То-бок сайт НББ разам з каталогам і патрэбамі карыстальнікаў быў проста прынесены ў ахвяру самой адміністрацыяй дзеля таго, каб не атрымаць па шапцы ад вышэйшых таварышаў.
А таму варта яшчэ раз зрабіць акцэнт на тым, што ні базы даных, ні іншую інфармацыю з сервераў Нацбібліятэкі «кіберы» не кранулі. Хаця напэўна маглі гэта зрабіць. У адрозненне ад хакераў, якія, атакаваўшы Kamunikat.org, знішчылі ўсё, да чаго паспелі дацягнуцца. Паводле слоў Іванюка, серверы беларускай інтэрнэт-бібліятэкі апынуліся проста вычышчаныя.
І вось што здзіўляе — рэакцыя грамадскасці на інцыдэнт з Kamunikat.org не тое каб адсутнічала зусім, але яна аказалася далёка не супастаўнай з тым, што пачалося пасля акцыі «Кіберпартызан». Нагадаю, тады група беларускіх даследчыкаў выказала крайняе абурэнне гэтай жахлівай «дыверсіяй». Маўляў, даныя з сайта Нацбібліятэкі належаць не ўладам, не Лукашэнку, не чыноўнікам — яны належаць гісторыі і наступным пакаленням. Тым часам без доступу да сайта і каталога пакутуюць ні ў чым не вінаватыя чытачы. А таму «рукі прэч ад нацыяналкі», і іншыя сентэнцыі ў тым жа духу.
Я, дарэчы, цалкам згодны з вышэйазначанымі таварышамі. Сапраўды, належаць. І маюць бясспрэчную каштоўнасць. Здзіўляе іншае — дзе гнеўныя тырады тых жа даследчыкаў з нагоды сённяшняй атакі на Kamunikat.org, якая, як ужо відавочна, прывяла да значна больш цяжкіх і цяжкаўзнаўляльных страт? Дзе праклёны ў адрас хакераў, якія знішчылі не менш каштоўныя архівы? Чаму ў сацсетках цішыня?
Ці то навін не чытаюць. Ці то гэтая інтэрнэт-бібліятэка ўяўляе для іх меншую каштоўнасць. Ці то таму цішыня, што выступаць у абарону «экстрэмісцкага фармавання», да якога, сярод іншых выдавецтваў, КДБ аднёс і «Фонд Kamunikat.org», будзе больш небяспечна, чым абараняць сайт Нацбібліятэкі. Гатовага адказу на пытанне ў мяне няма. Але падобная выбіральнасць некалькі бянтэжыць. Бо голас даследчыкаў заўсёды важны для грамадскасці.
Падпішыцеся на наш тэлеграм-канал «Reform.news: Самае цікавае»
***
Меркаванні і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.news