Скриншот видео
Расійскі маркетплэйс Wildberries паскоранымі тэмпамі дабудоўвае лагістычны цэнтр у індустрыяльным парку «Вялікі камень» пад Мінскам. Першыя секцыі комплексу ўжо працуюць. Пра гэта ў інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню расказаў першы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі па развіцці індустрыяльнага парка Кірыл Карацееў.
«Да эксплуатацыі першых секцый лагістычнага цэнтра ўжо прыступілі. Будаўніцтва ідзе нават не проста паводле графіка, а з апераджальнымі тэмпамі, бо, на жаль, тыя абставіны, якія цяпер складваюцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, прымушаюць інвестара будаваць хутчэй, максімальна хутка, каб цалкам увесці яго ў эксплуатацыю», — сказаў ён.
Нагадаем, з 18 ліпеня УСУ паслядоўна атакуюць лагістычныя магутнасці Wildberries у Расіі. Пад ударам ужо апынуліся пляцоўкі больш чым у 10 рэгіёнах РФ. Частка буйных складоў была цалкам знішчаная ў выніку пажараў, выкліканых трапленнем беспілотнікаў. Расійскія СМІ пішуць пра планы Wildberries выкарыстоўваць для доўгатэрміновага захоўвання тавараў складскія магутнасці кампаніі ў Беларусі, Казахстане і Узбекістане.
«На сённяшні дзень ідзе кампанія па наборы персаналу, навучанне персаналу. З Расійскай Федэрацыі прыехалі спецыялісты, якія ўдзельнічалі ў пусканаладачных работах, у запуску не аднаго такога аб’екта. Адпаведна, яны цяпер працуюць з нашымі беларускімі супрацоўнікамі. Навучаюць, адбіраюць тых, хто можа вырасці, стаць менеджарам. Таму гэты працэс, напэўна, таксама ідзе, каб паўнавартасна, без разрываў, адразу пасля заканчэння будаўніча-мантажных работ прыступіць да маштабнай эксплуатацыі гэтага цэнтра», — дадаў Карацееў.