Николай Статкевич
Беларускі палітык Мікалай Статкевіч у сваім тэлеграм-канале апублікаваў пост з нагоды вызвалення палітвязняў і выказаў салідарнасць з тымі, хто яшчэ чакае вызвалення блізкіх.
«Вітаю вас на волі! Вы — гонар і сумленне нашай нацыі. Марына і я радуемся разам з роднымі вызваленых і смуткуем разам з тымі, хто пакуль не дачакаўся сваіх любімых на волі», — напісаў ён.
“Самых небяспечных вызваляюць у апошнюю чаргу. Небяспечнымі лічацца тыя, хто, на думку рэжыму, захаваў сваю годнасць і імкненне да свабоды для нашай краіны. Сіл вам і мужнасці дачакацца. Мы з вамі. Мы ўдзячныя ўрадам дэмакратычных краін, усім, хто спрыяў вашаму вызваленню. Веру, што ўсе беларусы дачакаюцца свабоды”, – дадаў палітык.
Нагадаем, сёння ў Беларусі вызвалілі 250 палітвязняў у межах пагаднення з ЗША. 235 чалавек былі вызвалены ўнутры краіны, яшчэ 15 накіраваны ў Літву.
Мікалай Статкевіч быў асуджаны ў 2021 годзе па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў пазбаўлення волі. У верасні 2025 года ён увайшоў у лік 52 палітвязняў, якіх павінны былі вывезці ў Літву, аднак адмовіўся пакідаць Беларусь і выбег з аўтобуса. Пасля гэтага яго некалькі месяцаў утрымлівалі ў турме ў Глыбокім — пра гэта стала вядома толькі пасля яго вызвалення 19 лютага. 21 студзеня ён перанёс інсульт, у яго парушана маўленне. Цяпер Статкевіч знаходзіцца дома ў Мінску, аднак дакументы яму да гэтага часу не выдадзены, яго прававы статус застаецца незразумелым.
Статкевіч правёў у беларускіх турмах у агульнай складанасці больш за 12 гадоў.