Вялікабрытанія зменіць часовага паверанага ў справах у Беларусі

Вялікабрытанія прызначыла новага часовага паверанага ў справах у Беларусі. У ліпені 2026 года гэтую пасаду ў брытанскім пасольстве ў Мінску зойме Уільям Лонгхерст (William Longhurst), які зменіць Дэвіда Уорда.

Як паведамілі ў брытанскім урадзе, цяперашні кіраўнік дыпламатычнай місіі Дэвід Уорд пераводзіцца на іншую пасаду ў дыпламатычнай службе Злучанага Каралеўства.

Лонгхерст прыступіць да працы ў Мінску ў ліпені. Апошнія два гады ён праходзіў паглыбленую моўную падрыхтоўку па рускай мове ў Міністэрстве замежных спраў, па справах Садружнасці і развіцця Вялікабрытаніі (FCDO).

Новы кіраўнік брытанскай дыпмісіі мае больш як 35-гадовы досвед дыпламатычнай службы. У 2019–2024 гадах ён займаў пасаду намесніка кіраўніка місіі ў пасольстве Вялікабрытаніі ў Швейцарыі, а таксама быў генеральным консулам Злучанага Каралеўства ў Швейцарыі і Ліхтэнштэйне.

Раней Лонгхерст узначальваў брытанскае пасольства ў Камбоджы ў якасці пасла (2014–2018 гады), працаваў намеснікам кіраўніка дэпартамента Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН), а таксама займаў пасаду намесніка кіраўніка місіі ў Сербіі.

У розныя гады дыпламат служыў у брытанскіх пасольствах у Японіі і Паўднёвай Карэі, працаваў у пастаянным прадстаўніцтве Вялікабрытаніі пры ААН у Нью-Ёрку, а таксама займаў шэраг пасад у цэнтральным апараце знешнепалітычнага ведамства.

Уільям Джэсі Лонгхерст паступіў на дыпламатычную службу Вялікабрытаніі ў 1990 годзе. Акрамя рускай мовы, ён праходзіў спецыялізаваную моўную падрыхтоўку па нямецкай і сербскай мовах.

У цяперашні час Вялікабрытанія не мае пасла ў Беларусі. Пасля пагаршэння адносін паміж Мінскам і заходнімі краінамі дыпламатычныя кантакты падтрымліваюцца на ўзроўні часовага паверанага ў справах.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!