Reform.news

Вядучыя расійскія СМІ паверылі фэйкаваму тг-каналу КДБ пра прадухіленне дыверсіі на тэрыторыі Расіі

Рэдакцыя Reform.news · 24 верасня 2026, 09:11

https://reform.news/be/vjaduchyja-rasijskija-smi-paveryli-fjejkavamu-tg-kanalu-kdb-pra-praduhilenne-dyversii-na-tjerytoryi-rasii/

На падробленым тэлеграм-канале КДБ Беларусі (@kgb_kanal) з’явілася навіна пра прадухіленне дзейнасці групы, якая рыхтавала дыверсію на адным са стратэгічных аб’ектаў Расіі. Фальшыўцы паверылі вядучыя расійскія СМІ, а далей «навіна» была перадрукаваная амаль усімі расійскімі інтэрнэт-выданнямі.

«Паводле наяўных даных, каардынацыя ажыццяўлялася з тэрыторыі Украіны, а Беларусь планавалася выкарыстаць у якасці транзітнага маршруту для перадачы абсталявання, беспілотных лятальных апаратаў і сродкаў сувязі ўдзельнікам групы», — загадкава апісалі спецаперацыю ананімныя аўтары фэйкавага тг-канала.

У пастку трапілі «Ведомости», «Раша Тудэй», «Вести», «Лента.ру», Life.ru, «Интерфакс» і дзясяткі іншых расійскіх СМІ. Услед за імі фэйк падхапілі і беларускія медыя.

Справа ў тым, што ў Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі па сутнасці няма афіцыйных каналаў у сетцы. У красавіку 2024 года «Кіберпартызаны» заявілі пра ўзлом сайта КДБ, і з таго часу ён не працуе. У Telegram беларуская спецслужба паспрабавала стварыць афіцыйны канал па адрасе @KGB_BY_channel, але ён абнаўляецца нерэгулярна і выкарыстоўваецца толькі для публікацыі абнаўленняў у Пераліку арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

Публікацыя ў «Ведомостях». Скрыншот сайта.
Рэклама

Пакінуць адказ