Фото: facebook.com/NaftogazUTN
Венгрыя і Славакія пацвердзілі, што не будуць перашкаджаць выдзяленню крэдыту ЕС для Украіны пасля аднаўлення паставак нафты па нафтаправодзе «Дружба». Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Чэхіі Пётр Мацінка пасля пасяджэння кіраўнікоў МЗС краін ЕС у Люксембургу, піша Dennik N.
«Абедзве краіны, якія выказвалі пэўную стрыманую пазіцыю па гэтых двух пытаннях, звязвалі яе з аднаўленнем паставак нафты ў свае краіны. Калі гэта пацвердзіцца і пастаўкі будуць адноўлены, гэтая перашкода знікне», — заявіў Мацінка.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна завяршыла рамонт участку нафтаправода, пашкоджанага ў выніку расійскага ўдару.
«Еўрасаюз прасіў Украіну адрамантаваць нафтаправод «Дружба», які расіяне пашкодзілі. Мы адрамантавалі. Спадзяёмся, што і Еўрасаюз будзе рэалізоўваць дамоўленасці», — заявіў Зяленскі пасля размоў з кіраўніцай Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен і кіраўніком Еўрасавета Антоніу Коштам.
Ён падкрэсліў, што еўрапейскі крэдыт для Украіны ў памеры 90 млрд еўра на два гады ўжо быў ухвалены Еўрасаветам, але быў заблакаваны.