Латушка заклікаў прыпыніць доступ рэжыму Лукашэнкі да інфармацыйнай сістэмы Інтэрпола

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, член дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў ПАСЕ Павел Латушка прыняў удзел у пасяджэнні Камітэта па юрыдычных пытаннях і правах чалавека ПАСЕ па тэме «Супрацьдзеянне транснацыянальным рэпрэсіям». Пасяджэнне прайшло 21 красавіка.

На мерапрыемстве выступіў дакладчык ПАСЕ па транснацыянальных рэпрэсіях Канстанцінас Эфстаціу, які прадставіў інфармацыю, атрыманую па выніках сустрэчы ў Інтэрполе. Латушка прадставіў дадатковую заяву, у якой распавёў, як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае Інтэрпол у палітычных мэтах, паведамляе АПК.

«Гэта не проста злоўжыванне з боку рэжыму. Механізмы Інтэрпола фактычна становяцца інструментам пераследу і пагрозай бяспецы для тысяч беларусаў, якія пакінулі краіну ў выніку палітыкі маштабных палітычных рэпрэсій», — адзначыў намеснік кіраўніка АПК.

Латушка заклікаў дзяржавы – члены ПАСЕ, якія адначасова з’яўляюцца членамі Інтэрпола, правяраць запыты з Беларусі па крымінальных справах на прадмет магчымай палітычнай матывацыі, а таксама звярнуць увагу Генеральнага сакратарыята Інтэрпола на неаднаразовыя злоўжыванні механізмамі арганізацыі з боку рэжыму Лукашэнкі.

Намеснік кіраўніка АПК прапануе разгледзець магчымасць прымяніць пункт 4 артыкула 123 Правіл Інтэрпола па апрацоўцы дадзеных і прыпыніць доступ рэжыму Лукашэнкі да інфармацыйнай сістэмы арганізацыі.

Дакладчык ПАСЕ па транснацыянальных рэпрэсіях падтрымаў пазіцыю прадстаўніка беларускай дэлегацыі. Эфстаціу адзначыў, што менавіта Беларусь з’яўляецца яскравым прыкладам краіны, дзе сістэма апавяшчэнняў Інтэрпола выкарыстоўваецца для палітычнага пераследу дысідэнтаў за мяжой.

Каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і Офіс Святланы Ціханоўскай будуць узаемадзейнічаць па пытаннях супрацьдзеяння спробам рэжыму выкарыстоўваць Інтэрпол як інструмент палітычнага пераследу беларусаў, якія не згодныя з палітыкай рэжыму Лукашэнкі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!