Украіна завяршыла рамонтныя работы на «Дружбе» — Зяленскі

Украіна выканала рамонтныя работы на пашкоджаным участку нафтаправода «Дружба», заявіў сёння прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Паводле слоў Зяленскага, праца нафтаправода можа быць адноўлена, але ёсць асцярогі новых удараў Расіі.

«Трэцяе: як і было ўзгоднена ў камунікацыі з Еўрасаюзам, Украіна выканала рамонтныя работы на ўчастку нафтаправода «Дружба», які быў пашкоджаны расійскім ударам. Нафтаправод можа аднавіць функцыянаванне. Хаця цяпер ніхто не можа гарантаваць, што ўдары Расіі па інфраструктуры нафтаправода не паўторацца, нашы спецыялісты забяспечылі базавыя ўмовы для аднаўлення працы трубаправоднай сістэмы і абсталявання», — сказаў Зяленскі.

Украіна звязвае аднаўленне працы нафтаправода з разблакаваннем пакета падтрымкі з боку ЕС.

«Мы звязваем з гэтым разблакаванне еўрапейскага пакета падтрымкі для Украіны, які ўжо быў ухвалены Еўрапейскім саветам. І спадзяёмся, што партнёры зробяць адпаведныя крокі таксама па кластарах для Украіны — мы ўжо выканалі сваю частку работы па першых кластарах», — сказаў прэзідэнт Украіны.

Зяленскі таксама заклікаў працягваць сістэмны санкцыйны ціск на Расію і заявіў пра неабходнасць дыверсіфікаваць пастаўкі энерганосьбітаў у Еўропу.

Пастаўкі расійскай нафты ў Венгрыю і Славакію праз тэрыторыю Украіны па нафтаправодзе «Дружба» спыніліся ў канцы студзеня. Кіеў заявіў, што нафтаправод быў пашкоджаны ўдарам расійскага дрона. Кіеў абяцаў аднавіць функцыянаванне пашкоджанага ўчастка да канца красавіка.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!