“Ведомости” ацанілі, колькі прынясе Мінску зняцце санкцый ЗША

Расійская газета “Ведомости” з дапамогай аналітыкаў паспрабавала ацаніць выгады, якія атрымае Беларусь ад зняцця санкцый з “Беларуськалія” і БКК, а таксама банкаў і Мінфіна.

Апытаныя эксперты адзначаюць, што санкцыі Еўрасаюза супраць беларускага калію і банкаў застаюцца ў сіле. Акрамя таго, яны звяртаюць увагу на тое, што ў сіле засталіся таксама і амерыканскія прававыя механізмы ЗША: указы і федэральныя законы працягваюць дзейнічаць.

Паводле даных агенцтва Argus, у мінулым годзе Беларусь экспартавала 12 млн т усіх відаў калійных угнаенняў, з іх 11,6 млн т праз Расію. У 2017–2021 гадах ЗША набывалі каля 635 тыс. т беларускіх калійных угнаенняў.

«Зыходзячы з гістарычных аб’ёмаў закупак ЗША да ўвядзення сектаральных санкцый, гаворка можа ісці пра дадатковыя пастаўкі на 200–300 млн долараў, або 10% экспарту калійных угнаенняў для Беларусі», — цытуюць “Ведомости” эксперта Цэнтра макраэканамічнага аналізу і кароткатэрміновага прагназавання Андрэя Гнідчанку.

На яго думку, асноўнымі пакупнікамі беларускага калію традыцыйна з’яўляюцца Бразілія і Кітай, таму зняцце санкцый не паўплывае на гандлёвыя патокі ў сусветным маштабе, але можа стрымаць рост цэн на ўгнаенні. Эксперт таксама адзначыў, што магчымасці дыверсіфікацыі паставак абмежаваныя, бо экспарт па іншых напрамках, акрамя ЗША, працягваўся і ва ўмовах санкцый праз расійскія парты.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!