Фото: t.me/CabinetBelarus
25 сакавіка 2026 года, у 108-ю гадавіну Дня Волі, фасад Палаца культуры і навукі ў Варшаве падсвецяць колерамі нацыянальнага сцяга Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў адказе мэрыі Варшавы на зварот намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі з адпаведнай просьбай.
«У адказ на просьбу пацвярджаем, што асвятлім фасад Палаца культуры і навукі ў колерах вольнай Беларусі», — прыводзіць цытату з ліста мэрыі прэс-служба АПК.
У сваім лісце Павел Латушка падзякаваў мэру польскай сталіцы Рафалу Тшаскоўскаму за паслядоўную падтрымку дэмакратычных памкненняў беларусаў, а таксама за дапамогу, якую Варшава аказвае беларусам, вымушаным па палітычных прычынах пакінуць сваю радзіму.
Ён нагадаў прадстаўнікам мэрыі, што 25 сакавіка беларусы будуць адзначаць 108-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі — свята, вядомае як Дзень Волі.
«Пацвярджаем нашу салідарнасць з беларусскім дэмакратычным рухам і рады, што Дзень Волі будзе адзначацца і ў Варшаве», — заявіла мэрыя ў сваім адказе.
«Дзякую мэру Варшавы Рафалу Тшаскоўскаму, гарадской адміністрацыі і жыхарам польскай сталіцы за падтрымку беларусаў, якія працягваюць змагацца за свабоду для нашай Радзімы. Тое, што ў польскай сталіцы зноў заззяюць нашы нацыянальныя колеры, з’яўляецца важным жэстам салідарнасці. Падтрымка нашай дзейнасці з боку Польшчы яшчэ раз падкрэслівае прыхільнасць суседняй краіны дэмакратычным каштоўнасцям і салідарнасць з беларускім грамадствам», — адзначыў Латушка.