«Вакзал у выгнанні»: у Варшаве чацвёрты раз адзначаць Дзень горада Гомеля

Культура
Альтэрнатыўны дзень Гомеля-2024. Фота: homeldays.org

Ужо заўтра, 12 верасня, гамельчукі і ўсе, хто сумуе па родным горадзе, збяруцца разам у Варшаве, каб адзначыць Дзень Гомеля ў выгнанні. Свята, якое пачыналася як нізавая ініцыятыва гомельскіх рэлакантаў пасля падзей 2020 года, перарасло ў традыцыю — яно ладзіцца ўжо ў чацвёрты раз.

Ды штогод “Дзень горада Гомеля” ў Варшаве атрымлівае адмысловую канцэпцыю. Сёлета арганізатары вырашылі аднавіць атмасферу дарогі, сустрэч і чакання: на цэлы дзень прастора бару Karma Crew ператворыцца ў перон Гомельскага вакзала.

«Вакзал у выгнанні»: у Варшаве чацвёрты раз адзначаць Дзень горада Гомеля

Што ў праграме?

Святочная вандроўка пачнецца яшчэ да афіцыйнага адкрыцця пляцоўкі.

Ужо аб 13:00 у Парку Скарышэўскага (Park Skaryszewski) стартуе гарадская гульня «Схватка» — містычны і азартны квэст, удзельнікі якога праз 3–4 гадзіны прыгодніцкага маршруту фінішуюць акурат каля «Кармы».

Афіцыйныя «дзверы вагонаў» адчыняцца а 16:00, і далей праграма разгортваецца як захапляльная паездка ў добрым таварыстве:

17:00 — сустрэча пачнецца з лайф-дайджэсту, дзе збяруць галоўныя навіны і падзеі з жыцця Гомеля за апошні час — усё тое, што магло застацца за кадрам сацыяльных сетак.

17:45 — вядомы гомельскі краязнаўца Яўген Меркес правядзе аўтарскі квіз і крыжаванку, каб «разварушыць мазгі і не сумаваць у дарозе».

18:30 — гістарычны акцэнт вечара: лекцыя Яўгена Малікава, які прэзентуе вынікі вялікага даследавання, прысвечанага гісторыі і таямніцам гомельскіх гербаў.

З 19:30 і да самай ночы вакзальная платформа сустрэне насычаны музычны лайнап — ад атмасферных сольных выступаў да начных дыджэй-сэтаў ад Viačasłaŭ Kmit, luty sakavik, Sugarrealm, Philkie і Wiktor.

На працягу ўсяго дня на «платформе» будзе працаваць тэматычны вакзальны буфет з піражкамі, семечкамі і крафтавым півам, маркет-«кіёск» з кнігамі, часопісамі і настальгічнымі сувенірамі, а таксама выстава-аўкцыён прац беларускіх мастакоў, дзе можна будзе набыць нешта адметнае для ўпрыгожання свайго «ўтульнага купэ». А для тых, хто шукае знакаў лёсу, завітае варажбітка Вольга.

Час і месца: 12 верасня, з 16:00 (старт квэсту «Схватка» — аб 13:00), бар Karma Crew (Aleja 3 Maja 15, Warszawa).

Уваход: вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.