Инна Кардаш. Фото из Facebook
Ва Украіне завершана следства па справе журналісткі Іны Кардаш. Яна была затрыманая на пачатку года па падазрэнні ў шпіянажы на карысць беларускіх спецслужбаў.
Як паведамляе “Радыё “Свабода” са спасылкай на інфармаваныя крыніцы, абвінаваўчае заключэнне перададзена следствам у суд. Пасля яго ацэнкі на адпаведнасць патрабаванням заканадаўства суд павінен пачаць разгляд справы па сутнасці.
Кваліфікацыю па справе не змянілі. Кардаш абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 114 КК Украіны (“Перадача або збор замежнікамі з мэтай перадачы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам інфармацыі, якая складае дзяржаўную таямніцу”).
Адвакатка Кардаш Кацярына Юсупава прызнала, што суд ужо прызначыў дату пасяджэння, але яна не можа раскрываць нават такую інфармацыю без згоды сваёй падабароннай.
Таксама “Свабода” піша, што ў канцы мая муж Кардаш звярнуўся ў суд з хадайніцтвам аб зняцці арышту з 2150 долараў, якія былі пры ёй падчас затрымання. Ён прыклаў доказы таго, што гэта былі яго грошы. Суд стаў на бок мужа Іны Кардаш. Акрамя таго, ён падаваў скаргі ў суд на адмову следчых у прадастаўленні спаткання з жонкай.