Узброеныя Сілы Беларусі атрымалі новыя комплексы РЭБ «Оптыма» і «Аэра»

У падраздзяленні Узброеных Сіл Беларусі паступілі новыя комплексы радыёэлектроннай барацьбы — «Оптыма» і «Аэра», паведамляе прэс-служба Мінабароны.

Паводле інфармацыі ведамства, новыя РЭБ-сістэмы прызначаныя для падаўлення беспілотнікаў і сувязі праціўніка, а таксама для стварэння ўстойлівага абарончага контуру для ўласных падраздзяленняў.

Напярэдадні паведамлялася, што начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка ўручыў новую тэхніку РЭБ прадстаўнікам воінскіх часцей Полацкага гарнізона. Усе ўзоры былі створаны ў беларускім канструктарскім бюро «Радар».

«Радыёэлектронная барацьба ў нашых Узброеных Сілах з’яўляецца прыярытэтным напрамкам іх будаўніцтва і развіцця. Тут, на полацкай зямлі, мы атрымалі новую тэхніку айчыннай вытворчасці — комплексы Р-934, Р-936, якія з’яўляюцца найноўшымі ўзорамі ў галіне тэорыі і практыкі развіцця радыёэлектроннай барацьбы. Прыемна, што, захоўваючы наш тэхналагічны суверэнітэт, гэтыя комплексы зроблены на айчынных прадпрыемствах і даюць нам магчымасць развівацца далей.

Гэта не апошняе пераўзбраенне і перааснашчэнне нашых Узброеных Сіл. На бліжэйшую пяцігодку будаўніцтва і развіцця запланавана паступленне ў войскі комплексаў РЭБ тактычнага звяна кіравання, розных вырабаў, якія дазваляюць выяўляць беспілотныя лятальныя апараты і ўздзейнічаць на іх. Гэта добрая перспектыва ў межах тэхнічнага аснашчэння нашых Узброеных Сіл», — заявіў Муравейка ў размове з журналістамі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!