Фото: fivb.com
Савет адміністрацыі Міжнароднай федэрацыі валейбола (FIVB) на пасяджэнні, якое адбылося 5 снежня, прыняў рашэнне дазволіць усім юным валейбалістам, у тым ліку спартсменам з расійскімі і беларускімі пашпартамі, удзельнічаць у міжнародных і кантынентальных спаборніцтвах узроставых катэгорый.
Новыя правілы ўступяць у сілу з 1 студзеня 2026 года. Рашэнне накіравана на тое, каб забяспечыць маладым спартсменам фундаментальнае права на ўдзел у міжнародных спаборніцтвах без палітычнага ўмяшання і стварыць умовы для іх развіцця ў валейболе і пляжным валейболе, паведамілі ў прэс-службе FIVB 12 снежня.
У федэрацыі адзначылі, што гэтае рашэнне таксама адпавядае апошняй рэкамендацыі Выканаўчага камітэта МАК, падтрыманага Алімпійскім самітам, паводле якой маладыя спартсмены з расійскім або беларускім пашпартам больш не павінны абмяжоўвацца ў доступе да міжнародных юнацкіх спаборніцтваў — як у індывідуальных, так і ў камандных відах спорту.
У адпаведнасці з рэкамендацыямі МАК, пры ўмове, што нацыянальныя федэрацыі знаходзяцца ў належным статусе, будуць ужывацца стандартныя пратаколы FIVB, якія датычацца сцягоў, гімнаў, формы і іншых афіцыйных элементаў.
У той жа час рашэнне FIVB ад 1 сакавіка 2022 года аб нядопуску дарослых нацыянальных зборных Расіі і Беларусі да міжнародных спаборніцтваў застаецца ў сіле.
“FIVB па-ранейшаму глыбока занепакоеная працягам вайны ва Украіне і рашуча асуджае ўсе формы гвалту. Мы спадзяёмся, што мірнае ўрэгуляванне будзе дасягнута ў як мага кароткія тэрміны, і працягваем аказваць падтрымку ўкраінскай валейбольнай супольнасці ў межах праграмы FIVB Volleyball Empowerment”, — адзначылі ў федэрацыі.
Рашэнне пракаментавала генеральная сакратарка Беларускай федэрацыі валейбола Ала Цяцерына.
“Мы з вялікім уздымам прынялі ўчора рэкамендацыі МАК, а сёння — рашэнне FIVB аб допуску нашых юніёрскіх і моладзевых зборных да міжнародных стартаў. Ды яшчэ з гімнам і сцягам! Не проста ўдзельнічаць, а прадстаўляць сваю краіну!
Падчас знаходжання пад санкцыямі мы засяродзіліся на развіцці нашых маладых гульцоў. Хутка з’явіцца магчымасць праверыць зробленую працу. Чакаем інструментаў ад CEV, як менавіта мы зможам трапіць на чэмпіянат Еўропы і іншыя буйныя старты. У нас яшчэ засталіся некаторыя пытанні з гэтай нагоды”, — заявіла яна.
Нагадаем, 11 снежня МАК рэкамендаваў міжнародным федэрацыям не абмяжоўваць маладых спартсменаў з расійскім або беларускім пашпартам у доступе да міжнародных юнацкіх спаборніцтваў — як у індывідуальных, так і ў камандных відах спорту. Таксама МАК зняў забарону на правядзенне міжнародных спаборніцтваў у Беларусі.