Улады не дазволілі шэсце «Бессмяротнага палка» ў Мінску

Мінгарвыканкам адмовіў арганізатарам у правядзенні шэсця «Бессмяротнага палка» ў Мінску 9 мая. Пра гэта ў сацсетках паведаміў «аргкамітэт» акцыі.

Замест шэсця арганізатары запрасілі ахвотных прыйсці з партрэтамі сваякоў на плошчу Перамогі для ўскладання кветак.

«У сувязі з тым, што Мінгарвыканкам не дазволіў шэсце „Бессмяротнага палка“ ў горадзе Мінску, запрашаем вас 9 мая 2026 года з партрэтамі сваіх сваякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — для ўскладання кветак да манумента Перамогі і Вечнага агню на пл. Перамогі ў г. Мінску. Збор каля Дома-музея I з’езда РСДРП 9 мая 2026 года ў 11:30», — гаворыцца ў паведамленні.

Раней прарасійскі актывіст Андрэй Герашчанка прасіў дазволіць правесці шэсце «Бессмяротны полк» у беларускіх гарадах.

«У сувязі з агульнасцю падыходаў да захавання памяці пра Вялікую Айчынную вайну мы звярнуліся да ўладаў Рэспублікі Беларусь з просьбай дазволіць расійскім суайчыннікам, грамадзянам Расіі і ахвотным беларусам правесці ў рамках святочных мерапрыемстваў 9 мая 2026 года шэсце „Бессмяротны полк“ у Мінску, абласных цэнтрах і буйных гарадах Рэспублікі Беларусь.

Лічым, што шэсце „Бессмяротны полк“ павінна быць элементам агульнадзяржаўнай акцыі „Беларусь памятае“. Уключэнне асобных каробак „Бессмяротнага палка“ ў склад калон „Беларусь памятае“ пацвярджае адзінства Расіі і Беларусі, расіян і беларусаў у пытанні святкавання Дня Перамогі. Вопыт такога ўзаемадзеяння добра сябе зарэкамендаваў па выніках арганізацыі святочных мерапрыемстваў 9 мая ў 2024 і 2025 гадах», — заявіў ён.

Таксама паведамлялася, што калона «Бессмяротнага палка» ў Брэсце пройдзе 9 мая ў складзе шэсця «Беларусь памятае. Памятаем кожнага».

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!