Фото: CENTCOM
Цэнтральнае камандаванне ЗША заявіла, што нанесла ўдары ў адказ па цэлях у Іране пасля абстрэлу эсмінцаў, якія праходзілі праз Армузскі праліў.
“7 мая амерыканскія войскі перахапілі несправакаваныя атакі Ірана і нанеслі ўдары ў адказ у мэтах самаабароны, калі эсмінцы ВМС ЗША з кіраванымі ракетамі праходзілі праз Армузскі праліў у Аманскі заліў”, — гаворыцца ў паведамленні Цэнтральнага камандавання.
Паводле яго інфармацыі, іранскі бок выпусціў ракеты, беспілотнікі і накіраваў кацеры, атакуючы эсмінцы USS Truxtun, USS Rafael Peralta і USS Mason. Караблям не быў нанесены ўрон.
“Цэнтральнае камандаванне ЗША ліквідавала пагрозы і нанесла ўдары па іранскіх вайсковых аб’ектах, адказных за нападзенні на амерыканскія войскі, уключаючы пускавыя пляцоўкі ракет і беспілотнікаў, камандныя пункты і пункты кіравання, а таксама вузлы разведкі, назірання і рэкагнасцыроўкі.
Цэнтральнае камандаванне ЗША не імкнецца да эскалацыі, але застаецца ў стане гатоўнасці і гатовае абараняць амерыканскія войскі”, — гаворыцца ў паведамленні.
Трэба адзначыць, што ў панядзелак амерыканскія караблі ўжо падвяргаліся атакам іранскага боку, аднак тады камандаванне паведамляла толькі пра іх адбіццё, але не наносіла ўдары па цэлях у Іране.
Паводле інфармацыі іранскіх СМІ, былі атакаваныя аб’екты ў партах Кешм і Бандар-Абас.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп таксама пракаментаваў падзеі ў сетцы Truth Social.
“Тры амерыканскія эсмінцы сусветнага класа толькі што паспяхова прайшлі праз Армузскі праліў пад абстрэлам. Тры эсмінцы не атрымалі пашкоджанняў, але іранскім нападнікам быў нанесены велізарны ўрон. Яны былі цалкам знішчаныя разам са шматлікімі малымі суднамі, якія выкарыстоўваюцца ў якасці замены іх цалкам абезгалоўленага флоту. Гэтыя судны хутка і эфектыўна затанулі. Па нашых эсмінцах былі выпушчаныя ракеты, і яны былі лёгка збітыя. Аналагічна, з’явіліся беспілотнікі, якія былі спаленыя ў паветры. Яны так прыгожа ўпалі ў акіян, нібы матылі, што ляцяць насустрач гібелі!
Нармальная краіна дазволіла б гэтым эсмінцам прайсці, але Іран — не нармальная краіна. Імі кіруюць вар’яты, і калі б у іх была магчымасць ужыць ядзерную зброю, яны б зрабілі гэта без пытанняў. Але такой магчымасці ў іх ніколі не будзе, і, як мы сёння зноў іх знішчылі, мы знішчым іх значна мацней і больш жорстка ў будучыні, калі яны не падпішуць пагадненне ХУТКА! Нашы тры эсмінцы з іх выдатнымі экіпажамі цяпер далучацца да нашай ваенна-марской блакады, якая сапраўды з’яўляецца «сталёвай сцяной», — напісаў ён у сетцы Truth Social.
Пры гэтым у зносінах з журналістамі Трамп заявіў, што перамір’е працягваецца, а абмен атакамі быў толькі “любоўным паляпваннем”.