Расія спрабуе ўцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны, але Кіеў на сёння не бачыць прыкмет падрыхтоўкі ўдарных груповак на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта заявіў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі на пасяджэнні міжпарламенцкай рады Украіна – НАТА.
Паводле слоў Скібіцкага, агрэсіўныя планы Расіі ўключаюць блакаду Чорнага мора і спробы ўцягнуць Беларусь у вайну і ў гібрыдныя аперацыі супраць НАТА. Ён назваў прычыны, па якіх Мінск не ўступае ў вайну.
«На сённяшні дзень мы не бачым рэальных прыкмет падрыхтоўкі, уласна, ударных груповак на тэрыторыі Беларусі, але мы памятаем студзень-люты 2022 года. […] Ключавы фактар, які стрымлівае Беларусь, — гэта ўнутраныя рызыкі, абмежаваныя ваенныя магчымасці і патэнцыйныя эканамічныя праблемы», — адзначыў намеснік кіраўніка ГУР.
Украіна лічыць, што Беларусь будзе працягваць аказваць падтрымку гібрыдным аперацыям Расіі.
«У той жа час, паводле нашых ацэнак, мы лічым дастаткова верагодным, што Беларусь працягне аказваць падтрымку [расійскім] гібрыдным мерапрыемствам, прадастаўляючы сваю тэрыторыю для аказання ціску на мяжы з дзяржавамі НАТА і павышэння інтэнсіўнасці інфармацыйна-псіхалагічных аперацый», — заявіў Скібіцкі.
Скібіцкі падкрэсліў, што Расія не адмаўляецца ад сваёй стратэгічнай мэты — знішчэння ўкраінскай дзяржаўнасці.
ГУР лічыць, што ў 2026-2027 гадах Расія плануе мабілізаваць каля 600 тысяч чалавек, пры гэтым палову — ужо да канца гэтага года. Расія таксама ўзмацняе інтэнсіўнасць ракетна-дронавых удараў па Украіне, каб выклікаць сацыяльна-эканамічны крызіс, а таксама плануе павялічыць вытворчасць балістычных ракет.
