Украіна ўвяла санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў

Два беларускія прадпрыемствы трапілі пад санкцыі Украіны. Указ аб санкцыях падпісаў сёння Уладзімір Зяленскі.

У спіс уключаныя ТАА «Тыса» і ААТ «Кідма Тэк».

Зарэгістраваная ў Маладзечне кампанія «Тыса» займаецца праектаваннем і будаўніцтвам «чыстых памяшканняў» — лабараторый, памяшканняў у бальніцах, на фармацэўтычных прадпрыемствах, памяшканняў у электроннай галіне, а таксама вырабляе абсталяванне для абароны ад радыяцыйнага выпраменьвання ў медыцыне і прамысловасці.

ААТ «Кідма Тэк» зарэгістравана ў Аршанскім раёне і вырабляе прадукцыю ваеннага і грамадзянскага прызначэння, у тым ліку аптычныя прыборы, робатызаваныя агнявыя комплексы «Берсерк», зенітна-ракетныя комплексы, займаецца рамонтам авіяцыйных кіраваных ракет малой і сярэдняй далёкасці і супрацьтанкавых ракет.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!