Украіна папрасіла прабачэння ў краін Балтыі за «непрадбачаныя інцыдэнты» з дронамі

Украіна папрасіла прабачэння ў Балтыйскіх краін за залёты ўкраінскіх дронаў і абвінаваціла ў гэтым Расію.

«Расія працягвае перанакіроўваць украінскія дроны ў Балтыйскія краіны з выкарыстаннем сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. І Масква робіць гэта наўмысна, спалучаючы гэтыя дзеянні з узмацненнем прапаганды.

Мы просім прабачэння ў Эстоніі і ўсіх нашых балтыйскіх сяброў за такія непрадбачаныя інцыдэнты. Нашы профільныя структуры знаходзіліся і знаходзяцца ў цесным супрацоўніцтве, каб разабрацца ў кожным асобным выпадку і знайсці шляхі прадухілення падобных сітуацый, у прыватнасці пры непасрэдным удзеле нашых экспертных груп», — напісаў у сацсетцы X афіцыйны прадстаўнік украінскага МЗС Георгій Ціхі.

Ціхі таксама падкрэсліў, што Эстонія, Латвія, Літва і Фінляндыя не прадастаўлялі сваю паветраную прастору для ўдараў па Расіі, і Украіна ніколі не звярталася да гэтых краін з падобным запытам.

«Расіяне не маюць ніякага права абвінавачваць Украіну, краіны Балтыі або Фінляндыю ў наступствах уласных дзеянняў і, у больш шырокім сэнсе, сваёй агрэсіўнай вайны», — падкрэсліў Ціхі.

Украінскі МЗС таксама назваў фэйкам заяву Службы знешняй разведкі (СЗР) Расіі пра тое, што Украіна нібыта рыхтуе серыю ўдараў па Расіі з тэрыторыі Латвіі.

«Расійская хлусня — толькі працяг больш шырокай прапагандысцкай кампаніі, накіраванай на дэстабілізацыю грамадскай думкі ў Латвіі і Балтыйскім рэгіёне», — заявіў Ціхі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!