Фото: @SEPeaceMissions / Х
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф заявіў, што ў аўторак на трохбаковых перамовах з удзелам Украіны і Расіі быў дасягнуты значны прагрэс. Цяпер бакі праінфармуюць свае сталіцы.
“Поспех прэзідэнта Трампа ў збліжэнні бакоў гэтай вайны прывёў да значнага прагрэсу, і мы ганарымся тым, што працуем пад яго кіраўніцтвам, каб спыніць забойствы ў гэтым жахлівым канфлікце. Абодва бакі дамовіліся праінфармаваць сваіх лідараў і працягнуць працу над пагадненнем”, – напісаў ён у Х.
Учора пасля перамоваў кіраўнік украінскай дэлегацыі Рустэм Умераў адзначыў, што абмеркаванні былі засяроджаныя на практычных пытаннях і механіцы магчымых рашэнняў.
Расійскі бок афіцыйна не каментаваў вынікі перамоваў. Крыніца ТАСС заявіла, што яны былі «напружанымі».
Між тым выданне Axios піша, што калі ваенная група падчас перамоваў у аўторак прасунулася, то палітычная “зайшла ў тупік”, што звязваюць з пазіцыяй Уладзіміра Мядзінскага, які вярнуўся ў перамоўную групу.
Палітычная і ваенная групы павінны працягнуць працу сёння.