Двое вайскоўцаў загінулі пры перакульванні аўтамабіля на дарозе Асіповічы — Баранавічы

Міністэрства абароны паведаміла пра ДТЗ, у якім загінулі двое вайскоўцаў. Гаворка ідзе пра перакульванне аўтамабіля.

«Загінулі малодшы сяржант кантрактнай службы Шабуневіч А.В. і радавы тэрміновай службы Кіба К.А. Пацярпелым у ДТЗ цяпер аказваецца неабходная медыцынская дапамога», — гаворыцца ў паведамленні.

Праверка праводзіцца сумесна са СК і МУС. Абставіны здарэння не ўдакладняюцца.

«Ваеннае ведамства выказвае спачуванні родным і блізкім загінулых вайскоўцаў. Службовыя асобы знаходзяцца на сувязі са сваякамі. Сем’ям загінулых будзе аказаная ўсебаковая дапамога», — дадалі ў Мінабароны.

Дапоўнена

Следчы камітэт паведаміў, што здарэнне адбылося сёння раніцай на 12-м кіламетры аўтадарогі Асіповічы — Баранавічы з грузапасажырскім аўтамабілем МАЗ.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца падчас руху па галоўнай дарозе пры павароце страціў кіраванне транспартным сродкам. Па інерцыі аўтамабіль перакуліўся ў кювет.

Загінулі 2 чалавекі. Яшчэ 14 пацярпелых шпіталізаваныя з траўмамі рознай ступені цяжкасці», — расказалі ў СК.

Узбуджаная крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 464 (“Парушэнне правілаў кіравання або эксплуатацыі транспартнай машыны, якое па неасцярожнасці пацягнула смерць дзвюх асоб”) Крымінальнага кодэкса.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!