Фігурантаў справы «Сумленных людзей» унеслі і ў спіс «тэрарыстаў»

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі абнавіў спіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». У яго дадалі 14 чалавек, сярод якіх тры жанчыны.

Сярод уключаных у спіс — актывісты «Сумленных людзей» — Алена Жылачкіна (Жываглод), Зарына Сарокіна, Алег Давыдчык і Цімафей Малахоўскі. Прысуд па гэтай справе быў вынесены завочна 22 студзеня Віцебскім абласным судом. Фігурантам былі прад’яўлены абвінавачанні паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў «дыскрэдытацыі Беларусі», «распальванні варожасці», «абразе і паклёпе на Лукашэнку», а таксама ў «закліках да санкцый супраць Рэспублікі Беларусь».

Алене Жылачкінай прызначылі 10 гадоў калоніі агульнага рэжыму са штрафам у памеры 67 500 рублёў. Зарына Сарокіна, Цімафей Малахоўскі і Алег Давыдчык былі прыгавораныя да 8 гадоў калоніі са штрафам па 40 500 рублёў кожны.

Раней яны былі ўключаныя ў спіс «экстрэмістаў», які вядзе МУС.

Ініцыятыва «Сумленныя людзі» была створаная ў 2020 годзе з мэтай супрацьдзеяння фальсіфікацыям на прэзідэнцкіх выбарах. Яе валанцёры спрабавалі ўвайсці ў склад участковых выбарчых камісій, выступалі ў якасці назіральнікаў. Сумесна з арганізацыямі «Голас» і «ZUBR.in» «Сумленныя людзі» арганізавалі анлайн-платформы для назірання за выбарчымі ўчасткамі і платформу «Голас» для незалежнага падліку галасоў.

Таксама ў спіс трапілі Аляксандр Зубрык, Станіслаў Прыгодзіч, Арцём Сабалеўскі, Яўген Пергаеў, Аксана Вольвачава, Сяргей Пока, Валер Рынкевіч, Данат Дашкоўскі, Анатоль Вайцяхоўскі, Уладзімір Карчэўны.

Цяпер у «спісе тэрарыстаў» налічваецца 1471 чалавек, 719 з якіх — беларусы.

Нагадаем, абвінавачанні ў экстрэмізме і тэрарызме ў Беларусі выкарыстоўваюцца для барацьбы з апанентамі ўлады і іншадумствам у цэлым.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!