У Віцебску паказваюць «Кентаўра Кухто» – выставу, што раскрывае адметную аўтарскую міфалогію

У выставачнай зале сучаснага мастацтва ў Віцебску (на Белабародава, 5) працуе выстава «Кентаўр Кухто».

Сяргей Кухто (1959-1999) – мастак з унікальным мастацкім светам, ён стаў шырока вядомы толькі пасля смерці. Яго жыццё трагічна абарвалася ў сорак гадоў, а першая персанальная выстава адбылася праз год пасля смерці.

Фота: сацсеткі

Большасць прац мастака разышлася па розных калекцыях, значная частка – за межы Беларусі, у беларускіх музеях твораў Сяргея Кухто амаль няма.

Фота: сацсеткі

На выставе паказалі творы, якія захоўваюцца ў сям’і мастака. Некаторыя з іх да гэтага часу не экспанаваліся, а некаторыя ўжо сталі неад’емнай часткай гісторыі беларускага мастацтва. Эцюды, малюнкі і накіды дапамагаюць зразумець творчы метад аўтара. Эскізы керамікі раскрываюць новы аспект яго творчасці.

Біяграфія Сяргея Кухто змяшчаецца ў некалькі радкоў. Пасля заканчэння мастацкай вучэльні ў Мінску ён вярнуўся ў родны Віцебск, дзе самастойна дасканаліў майстэрства.

Фота: сацсеткі

З войска ў лістах да каханай ён пастаянна звяртаўся да разваг пра мастацтва: «Вярнуся — буду працаваць дзе заўгодна, толькі б мець магчымасць гадзін пяць пісаць. Я вельмі баюся, што не змагу зрабіць хоць бы маленькую, але сур’ёзную карцінку ў сваім жыцці».

Фота: сацсеткі

Напрыканцы 1970-х да Сяргей Кухто прыйшла ідэя намаляваць кентаўра са сваім тварам і целам. Так мастак пачаў ствараць уласную міфалогію, якую выпрацоўваў гадамі, шукаючы ў сваіх працах дасканалай формы.

Яго кентаўры адметныя і разнастайныя, некаторыя з іх натхнёныя ганарлівым Напалеонам, некаторыя – меланхалічным Арлекінам ці прасталюдзінам Палканам. Мастак пераносіць міфічную істоту ў віцебскія краявіды, часам на палотных можна ўбачыць віцебскую ратушу ці фрагменты гарадской забудовы.

Эскізы Сяргея Кухто. Фота: сацсеткі

Праз свайго героя ён перадаваў свае ўласныя духоўныя пошукі і памкненні. Напрыклад, у яго творах узнікае вобраз пераправы – як сімвал пераходу праз раку жыцця. Напрыклад, у карціне «Пераправа» на спіне кентаўра – тоўстая бярозавая жардзіна, якую ён трымае раскінутымі ў розныя бакі рукамі. Здаецца, што гэта адзіная апора, што дапамагае галоўнаму герою захоўваць раўнавагу.

Фота: сацсеткі

Пераважная большасць яго кампазіцый, якія дайшлі да гледача, створаны ў перыяд 1992-1999 гадоў. Некаторыя з сюжэтаў паўтараюцца, але мастак не пісаў дакладных копій сваіх палотнаў, часам спалучаў творы ў серыі. Сюжэты гэтых палотнаў даволі цяжка разгадаць, яны застаюцца загадкавай часткай аўтарскай міфалогіі, у якой моцныя, адзінокія і незалежныя міфічныя істоты становяцца праваднікамі ў іншую рэальнасць.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!