Фото: Reform.news
У Варшаве адкрыўся кніжны магазін Kamunikat.shop — сумесны праект фонду “Камунікат” і Цэнтра беларускай салідарнасці. Магазін знаходзіцца ў памяшканні цэнтра па адрасе ul. Oleandrów 6, у некалькіх хвілінах хады ад метро «Політэхніка».
Як расказаў раней кіраўнік фонду Яраслаў Іванюк, у ім будуць прадстаўлены мастацкая і гістарычная літаратура, кнігі для дзяцей і нон-фікшн. Акрамя выданняў самога “Камуніката”, тут можна будзе знайсці кнігі выдавецтваў Gutenberg, «Янушкевіч», «Логвінаў», «Skaryna Press», «Вясна», «Мяне няма», а таксама выданні беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы.
Фонд “Камунікат” працуе як інтэрнэт-бібліятэка ўжо больш за 25 гадоў, а з 2021 года займаецца і выдавецкай дзейнасцю — за гэты час выйшла больш за 70 беларускіх кніг у друкаваным выглядзе. Стацыянарны магазін стаў наступным крокам пасля продажаў праз інтэрнэт і на кніжных кірмашах. Асартымент плануецца паступова пашыраць за кошт іншых беларускіх выдавецтваў, якія працуюць за мяжой.