Юрий Гаравский. Скриншот видео DW
У швейцарскім Санкт-Галене 24 чэрвеня адбудзецца апеляцыйнае слуханне па справе былога супрацоўніка САБРа Юрыя Гараўскага, абвінавачанага ў датычнасці да гвалтоўных знікненняў трох беларускіх апазіцыйных палітыкаў у 1999 годзе. Пра гэта піша праваабарончы цэнтр “Вясна”.
У 2019 годзе Гараўскі сам прызнаўся журналістам у датычнасці да знікненняў былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, былога віцэ-прэм’ера Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага. Тым не менш у верасні 2023 года акруговы суд Роршаха яго апраўдаў. Суддзя палічыў, што некаторыя з паказанняў Гараўскі прыдумаў, і заявіў, што яго роля ў выкраданнях не ясная.
Дачка аднаго са зніклых палітыкаў Алена Захаранка, якая выступае істцом па справе, выказала надзею на больш уважлівы разгляд паказанняў абвінавачанага ў апеляцыйнай інстанцыі. Паводле яе слоў, слуханне ў судзе першай інстанцыі суправаджалася шматлікімі памылкамі перакладу.
“Слуханне справы адказчыка ў судзе першай інстанцыі было сапсавана. Я чула вельмі шмат памылак у перакладзе. Я спадзяюся, што апеляцыйны суд надасць адказчыку і яго заявам увагу, якой яны заслугоўваюць”, — сказала яна.
Крымінальны пазоў быў пададзены вясной 2021 года сваякамі ахвяр пры падтрымцы TRIAL International, Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека і праваабарончага цэнтра «Вясна».
Нягледзячы на апраўдальны прысуд, справа лічыцца прэцэдэнтнай. Суд прызнаў факт выкрадання і забойства трох чалавек і датычнасць да гэтых злачынстваў прадстаўнікоў беларускіх улад. Гэта таксама першы выпадак, калі злачынствы, учыненыя ў Беларусі, разглядаліся швейцарскім судом на аснове прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі.
“Я спадзяюся, што гэтая справа можа стаць добрым прыкладам у міжнароднай юрыдычнай практыцы. На жаль, з’ява гвалтоўных знікненняў шырока распаўсюджаная, і кожны чалавек, які страціў блізкага ў выніку гэтага злачынства, спадзяецца на справядлівасць”, — заявіла дачка аднаго са зніклых і істца па справе Валерыя Красоўская.
Таксама справу пракаментаваў заснавальнік і старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі.
“Неабходна павышаць дасведчанасць пра маштабы і сапраўдную прыроду злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. Гэтая справа — першая магчымасць за больш чым трыццаць гадоў дыктатуры дамагчыся таго, каб некаторыя з самых цяжкіх злачынстваў рэжыму былі нарэшце прызнаныя судом”, — падкрэсліў ён.