Фото: Luis Villasmil / Unsplash.com
Уладальнікі тэхнікі Apple з 1 красавіка сутыкнуцца ў Расіі з дадатковымі цяжкасцямі. Як паведамляе РБК, Міністэрства лічбавізацыі запатрабавала ад расійскіх сотавых аператараў адключыць магчымасць аплаты падпісак і пакупак у экасістэме Apple непасрэдна з мабільнага рахунку.
Дадзенае рашэнне было прапанавана аператарамі яшчэ ў 2019-2020 гадах, але на фоне прыпынення працы Apple на расійскім рынку і санкцый супраць фінансавага сектара яно стала асабліва запатрабаваным.
Паводле інфармацыі РБК, адной з прычын забароны аператарам назвалі неабходнасць перашкаджаць аплаце VPN-сэрвісаў.
Нагадаем, у Расіі пастаянна пашыраецца пералік заблакаваных заходніх сэрвісаў, а на фоне праблем з доступам у інтэрнэт у апошнія тыдні некаторыя расіяне нават пачалі абмяркоўваць у сацсетках пераезд у Беларусь, дзе справы з доступам да інтэрнэту і заходніх сэрвісаў значна лепшыя.