Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з губернатарам Чукоцкай аўтаномнай акругі Уладзіславам Кузняцовым. Падчас сустрэчы ён прапанаваў міністру спорту Сяргею Кавальчуку правесці адпачынак на Чукотцы — мяркуючы па ўсім, гэты чыноўнік будзе адказваць за адносіны з рэгіёнам.
На сустрэчы, акрамя Кузняцова і Кавальчука, таксама прысутнічалі міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў і пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў. Удзел Кавальчука ў ёй прэс-служба Лукашэнкі растлумачыла тым, што міністр спорту раней на працягу трох гадоў служыў у гэтым рэгіёне, а значыць з’яўляецца “не чужым чалавекам на Чукотцы”.
“Вядома, інтарэс у нас вялікі да гэтага краю. Нявывучаны край, і для нас таксама. А ўвогуле, усё, што ёсць у вас, таго няма ў нас. Не магу сказаць, што ў Расіі няма таго, што ёсць у нас. Вядома, у Расіі шмат чаго ёсць. Але мы паспрабуем канкурыраваць з адпаведнай расійскай прадукцыяй, каб зацікавіць вас у нас. Край вельмі цікавы і асабіста для мяне, і для беларусаў у тым ліку”, – сказаў Лукашэнка.
Пры гэтым ён адзначыў, што з Чукоткай у Беларусі практычна няма гандлю.
“Тое, што ў нас няма тавараабароту практычна, гэта бяда. Так быць не павінна. Таму ва ўрадзе трэба дамовіцца, як будзем супрацоўнічаць далей”, – сказаў ён.
Тут і знайшлася роля для Кавальчука, які курыруе адносіны з Чукоткай.
“Трэба, можа быць, правесці адпачынак там. Пабываць, паглядзець увесь гэты край, каб мы не проста навобмацак працавалі, а каб ты нам падказаў, як беларускі таварыш і міністр, што нам рабіць там, чым займацца”, – працягнуў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што для яго Чукотка з’яўляецца нявывучаным краем.
“Нам нават цяжка ўявіць, што такое Чукотка, на жаль. Але думаю, што жыццё не заканчваецца, а толькі пачынаецца сапраўднае, і мы там пабудзем. Мы з Прэзідэнтам Расіі вельмі шмат пра Чукотку гаварылі ў свой час і зараз. Для мяне гэта нават дзіўны край. Хаця ён кажа: “Трэба туды махнуць!” Я ў яго пытаюся: “А як там аэрадром, аэрапорт, на якім самалёце можна прызямліцца?” Ён мне ўсё гэта расказвае”, – сказаў Лукашэнка.
“Ведаю, што недзе мільёна тры людзей пражывае ў такім рэгіёне, куды ажыццяўляецца паўночны завоз. Гэта для нас таксама вельмі важна. Баюся сказаць, што Чукотка будзе нейкай апорай для нас у гэтым плане. Не магу, бо я не ведаю, магчыма гэта ці не. Але трэба развівацца, трэба займацца гэтым краем. Мы, вядома, разумеем, што на Чукотцы вялікая колькасць людзей жыць не можа. Але там нашы людзі, якія хочуць нармальна жыць.
Дай бог, каб у вас там, на самым краі нашай Айчыны, усё склалася. Разлічваем, што вы будзеце нашым чалавекам на Чукотцы, калі трэба будзе нешта параіць нам”, – заключыў ён.