Школьны аўтобус прыдушыў вадзіцеля ў Свіслачы

Следчы камітэт расследуе крымінальную справу па факце здарэння ў Свіслачы, дзе школьны аўтобус прыдушыў вадзіцеля.

Як паведамілі ў СК, здарэнне адбылося ў студзені. У аднаго з аўтобусаў заклініла стартар. Вадзіцель аўтобуса, 50-гадовы мужчына, паведаміў пра паломку 62-гадоваму кіраўніку.

“Замест таго, каб накіраваць транспарт на рамонт да спецыялістаў мясцовага аўтапарка, начальнік распарадзіўся ліквідаваць няспраўнасць уласнымі сіламі.

Вадзіцель не стаў пярэчыць. У працоўны час каля свайго дома ён прыступіў да рамонту: усталяваў дамкрат, падклаў драўляныя калодкі і залез пад дно, разлічваючы хутка справіцца з непаладкай. Аднак канструкцыя не вытрымала, і шматтонны аўтобус сарваўся, прыдушыўшы мужчыну”, – расказалі ў СК.

Вадзіцель атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні. У цяперашні час яго жыццю і здароўю нічога не пагражае.

Па выніках праверкі была ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да 62-гадовага інжынера-механіка па ч. 1 арт. 306 (“Парушэнне правілаў аховы працы, што па неасцярожнасці пацягнула прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання”) Крымінальнага кодэкса.

Ён адказваў на прадпрыемстве за выкананне тэхнікі бяспекі. Пры гэтым вадзіцель не меў права выконваць падобныя работы: ён не праходзіў неабходнага навучання, інструктажаў і праверкі ведаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!