Фото: t.me/infoRog
У Рагачове другі дзень назіраюцца праблемы з вадаправоднай вадой. Пасля афарбоўкі канструкцый на водазаборы вада пачала пахнуць фарбай. Улады горада арганізавалі падвоз вады ў цыстэрнах і рэкамендуюць выкарыстоўваць для піцця бутыляваную ваду.
«У сувязі з правядзеннем рэгламентных работ па афарбоўцы канструктыўных элементаў на водазаборы г. Рагачоў, якія не кантактуюць з вадой, выяўлена прысутнасць спецыфічнага паху ў вадзе, што падаецца ў горад. Па выніках праведзеных аналізаў устаноўлена нязначнае перавышэнне па паказчыку “Пах”. Для кантролю якасці вады цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, а таксама водаканалам арганізаваны рэгулярны адбор проб вады», — паведамляе Рагачоўскі райвыканкам.
Улады горада заяўляюць, што правялі работы па «нейтралізацыі спецыфічнага паху» на водазаборы.
«У цяперашні час якасць вады на выхадзе з водазабору адпавядае гігіенічнаму нарматыву», — паведамляе райвыканкам.
Нягледзячы на заявы аб адпаведнасці вады нарматывам, улады Рагачова раяць выкарыстоўваць для піцця і прыгатавання ежы бутыляваную ваду, а таксама арганізавалі падвоз вады ў цыстэрнах.
Для высвятлення прычын і абставін інцыдэнту пачата службовае расследаванне.