Фото: CBSP
Цэнтральнае следчае бюро паліцыі Польшчы адрапартавала пра раскрыццё яшчэ адной групы кантрабандыстаў, якія займаліся перапраўкай цыгарэт з Беларусі. Аперацыя праводзілася разам з Надбужанскім аддзелам Памежнай аховы.
Паводле інфармацыі паліцыі, у групу ўваходзілі грамадзяне Польшчы, Літвы і Арменіі. У 2020–2021 гадах яны займаліся перапраўкай цыгарэт з Беларусі. Следства мяркуе, што група была датычная да кантрабанды 6,5 млн пачкаў цыгарэт. Шкода польскай казне ацэньваецца ў суму больш за 190 млн злотых (каля 51,5 млн долараў).
Падчас аперацыі, праведзенай у маі гэтага года, былі затрыманыя шасцёра грамадзян Польшчы і адзін — Арменіі. Паліцыя канфіскавала цыгарэты і электронныя цыгарэты без польскіх акцызных марак, аўтамабіль Audi Q7, а таксама аўтамабільныя запчасткі, якія знаходзіліся ў вышуку. Таксама канфіскаваныя боепрыпасы да агнястрэльнай зброі.
Затрыманым прад’яўлены абвінавачанні ва ўдзеле і кіраўніцтве злачыннай групай.
Расследаванне працягваецца.