У Польшчы прыпыненая справа аб забойстве салдата мігрантам на мяжы. Мінск не адказаў на запыт — СМІ

У Польшчы прыпынена следства па справе аб забойстве вайскоўца Матэвуша Сіцека на мяжы з Беларуссю. Такое рашэнне было прынята ў маі, паведамляе RMF FM.

Матэвуш Сітэк загінуў у маі 2024 года. Ён атрымаў смяротнае нажавое раненне падчас спынення спробы групы мігрантаў прарвацца з тэрыторыі Беларусі ў Польшчу. Адзін з парушальнікаў ударыў вайскоўца нажом, прымацаваным да палкі, прасунуўшы яе праз агароджу.

Паводле інфармацыі RMF FM, следства з самага пачатку вялося ў рэжыме сакрэтнасці. За час расследавання ў Польшчы і за мяжой былі дапытаныя больш за 140 чалавек. Следчыя ўжо больш за дзесяць месяцаў ведаюць асобу мужчыны, які нанёс салдату смяротную рану. Гэта грамадзянін адной з краін Паўночнай Афрыкі. Трэба адзначыць, што яшчэ ў 2024 годзе паведамлялася, што следчыя маюць фатаграфію нападніка.

У ліпені мінулага года была падпісана пастанова аб прад’яўленні яму абвінавачання. Суд прыняў рашэнне аб заключэнні мужчыны пад варту. Былі выдадзены ордары на арышт, у тым ліку еўрапейскі.

Следчыя таксама ўстанавілі, што абвінавачаны знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. У снежні ў Мінск быў накіраваны зварот аб арышце мужчыны і яго экстрадыцыі. Да гэтага часу беларускі бок не адрэагаваў на гэты зварот польскіх органаў. У сувязі з гэтым у маі следства было прыпынена.

Крыніцы радыёстанцыі, знаёмыя з абставінамі следства, лічаць малаверагоднай выдачу абвінавачанага беларускім бокам. Калі б ён трапіў у Польшчу, то яму былі б зададзены пытанні пра тое, як мужчына трапіў у Беларусь, а далей на мяжу. У выніку польскі бок мог бы атрымаць доказы ўдзелу беларускіх службаў у арганізацыі міграцыйнага крызісу.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!