Фото: unsplash.com
Гаварыць пра тое, што рашэнне Вярхоўнага суда ЗША адносна праграмы часовага гуманітарнага статусу (TPS) закране грамадзян Беларусі, пакуль заўчасна, заявіў дарадца Святланы Ціханоўскай Леанід Марозаў.
«З’явіліся публікацыі, якія ствараюць уражанне, што рашэнне Вярхоўнага суда ЗША непасрэдна закранае ўсіх атрымальнікаў часовай абароны, у тым ліку беларусаў і беларусак. Гэта не зусім так.
Рашэнне суда датычыцца праграмы Temporary Protected Status (TPS) — часовага гуманітарнага статусу ў ЗША — і звязана з магчымасцю адміністрацыі спыніць яго дзеянне для грамадзян Гаіці і Сірыі. TPS прадастаўляецца толькі грамадзянам тых дзяржаў, якія Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША спецыяльна ўключае ў адпаведную праграму, і Беларусь ніколі не ўваходзіла ў гэты пералік. У самім рашэнні гаворка ідзе менавіта пра грамадзян Гаіці і Сірыі. Якім чынам яно можа паўплываць на грамадзян Беларусі, на дадзены момант незразумела.
Важна адрозніваць розныя прававыя рэжымы абароны. Напрыклад, у праве Еўрапейскага саюза міжнародная абарона ўключае дзве асноўныя формы: статус бежанца і дадатковую абарону. Дадатковая абарона можа быць спынена, калі адпадуць падставы для яе прадастаўлення. У ЗША TPS не з’яўляецца статусам бежанца або прытулкам, а ўяўляе сабой асобны часовы механізм, які прадастаўляецца грамадзянам пэўных краін, калі іх вяртанне часова немагчымае або небяспечнае праз узброены канфлікт, стыхійнае бедства або іншыя надзвычайныя абставіны.
Менавіта часовы характар TPS азначае, што такі статус можа падаўжацца, але таксама можа быць спынены або не падоўжаны рашэннем кампетэнтных органаў. Таму само па сабе спыненне часовага статусу не з’яўляецца новым прававым механізмам», — растлумачыў Марозаў.
У Офісе Ціханоўскай адзначаюць, што, хоць у ЗША назіраецца тэндэнцыя да ўзмацнення жорсткасці міграцыйнай палітыкі, пакуль рана казаць, як гэта паўплывае на беларусаў.
«Безумоўна, сама тэндэнцыя да больш абмежавальнага падыходу ў міграцыйнай палітыцы ЗША заслугоўвае ўвагі. Аднак рабіць высновы пра тое, што рашэнне аўтаматычна распаўсюджваецца на беларусаў або азначае перагляд іх прававога становішча, заўчасна.
На сённяшні дзень рашэнне не змяшчае высноў, якія непасрэдна закраналі б грамадзян Беларусі. Мы працягваем сачыць за развіццём амерыканскай судовай практыкі і, пры з’яўленні рашэнняў, якія могуць непасрэдна паўплываць на беларусаў, абавязкова праінфармуем пра гэта асобна», — заявіў Марозаў.
Вярхоўны суд ЗША дазволіў адміністрацыі Дональда Трампа скасаваць часовую абарону для мігрантаў з Гаіці і Сірыі, а таксама дазволіў аднавіць практыку абмежавання колькасці людзей, якія падаюць заявы на атрыманне прытулку на мяжы з Мексікай. Дарадца Белага дома Стывен Мілер заявіў, што асоб, якія шукаюць прытулку ў ЗША, будуць накіроўваць у трэція краіны.