У Музеі бітвы пад Грунвальдам з’явіцца беларускі аўдыягід
Рэдакцыя Reform.news · 18 верасня 2026, 20:13
https://reform.news/be/u-muzei-bitvy-pad-grunvaldam-z-javicca-belaruski-a-dyjagid/Офіс Святланы Ціханоўскай і Музей бітвы пад Грунвальдам у Стэмбарку дамовіліся пра доўгатэрміновае супрацоўніцтва.
15 верасня Святлана Ціханоўская сустрэлася з дырэктарам Музея Грунвальдскай бітвы ў Стэмбарку, гісторыкам Шыманам Дрэем. У сустрэчы таксама ўдзельнічалі ініцыятар кампаніі за ўсталяванне бела-чырвона-белага сцяга на Грунвальдскім полі Юрый Мялешкевіч і галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.
Ціханоўская падзякавала Дрэю за падтрымку ініцыятывы, накіраванай на тое, каб зрабіць больш прыкметным удзел воінаў з тэрыторый сучаснай Беларусі ў Грунвальдскай бітве і штогадовых памятных мерапрыемствах, паведамляе Офіс Ціханоўскай.
«Грунвальдская бітва — адна з найважнейшых падзей нашай гісторыі. Яна нагадвае, што беларуская гісторыя — неад’емная частка еўрапейскай», — заявіла Ціханоўская.
Ціханоўская лічыць, што супрацоўніцтва з музеем зробіць беларускую прысутнасць на Грунвальдскім полі больш прыкметнай і ўмацуе сувязі паміж беларусамі, палякамі, літоўцамі і ўкраінцамі.
Бакі дамовіліся пра доўгатэрміновае супрацоўніцтва, падрыхтоўку беларускай версіі аўдыягіда і ўдзел прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл у міжнародных мерапрыемствах музея разам з партнёрамі з Польшчы, Літвы і Украіны.
Да наступнай гадавіны бітвы ў ліпені 2027 года плануецца пашырыць удзел беларускай супольнасці і беларускіх гістарычных рэканструктараў у мерапрыемствах на Грунвальдскім полі.
Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі магчымасць усталяваць на полі памятны знак воінам з тэрыторый сучаснай Беларусі і флагшток з бела-чырвона-белым сцягам. Грунвальдскае поле мае ў Польшчы статус помніка гісторыі. Для ўсталявання новых аб’ектаў спатрэбіцца прайсці адміністрацыйныя працэдуры і атрымаць узгадненні органаў аховы культурнай спадчыны.


