Фото: t.me/skgovby
У Мінску на Сляпянскай воднай сістэме патануў 56-гадовы мужчына. Трагедыя адбылася сёння ўдзень.
Паводле інфармацыі Следчага камітэта, кампанія з трох чалавек адпачывала на беразе і распівала спіртныя напоі. Мужчына і 41-гадовая жанчына вырашылі пераплыць вадаём на хуткасць. Падчас заплыву мінчанін пачаў апускацца пад ваду і знік з поля зроку.
Праз некаторы час сябры знайшлі яго на дне. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца, дасталі мужчыну з вады. Пасля правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў медыкі канстатавалі смерць.
На месцы працуе следча-аператыўная група. Для ўстанаўлення прычыны смерці прызначаная судова-медыцынская экспертыза. Абставіны здарэння ўстанаўлівае Першамайскі раённы аддзел СК Мінска.