У Мінску асудзілі двух хабарнікаў. Адзін перадаў другому “кліента” пасля звальнення

Суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў вінаватымі ў атрыманні хабару двух намеснікаў генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях аднаго з найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў.

Як паведамілі ў пракуратуры, гісторыя пачалася ў 2012 годзе. Прадпрыемства доўгі час не аплачвала сыравіну, пастаўленую з-за мяжы. Да намесніка гендырэктара звярнуўся прадстаўнік контрагента з просьбай аказаць дапамогу ў аплаце пастаўленых тавараў: зрабіць аплату ў першачарговым парадку, а не ў парадку чарговасці. Пытанне было вырашана станоўча.

За гэта намеснік гендырэктара запатрабаваў узнагароду ў памеры 10 тыс. долараў. Усяго ў 2012–2014 гадах ён атрымаў узнагароджанне на 100 тыс. долараў.

Пасля звальнення ў 2017 годзе на яго месца быў прызначаны другі абвінавачаны. Першы паставіў партнёраў у вядомасць пра тое, што з новым начальнікам можна вырашаць пытанні па аналагічнай схеме. Другі абвінавачаны ў 2018–2020 гадах атрымаў ужо 200 тыс. долараў.

Першаму абвінавачанаму прызначана пакаранне ў выглядзе 7 гадоў пазбаўлення волі, другому — 12 гадоў пазбаўлення волі і штраф у памеры 3,5 тыс. базавых велічынь. Абодва пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў.

Суд таксама прызнаў вінаватым і прызначыў пакаранне кансультанту, які перадаваў хабар службовым асобам. Ён будзе адбываць 3 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!