БРЦ: Алексін выводзіў мільёны еўра праз банкі Вануату і Новай Зеландыі

Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтра высветлілі, як «кашалёк» Аляксандра Лукашэнкі, «тытунёвы кароль» Аляксей Алексін, займаецца легалізацыяй шэрых даходаў праз заходнія юрысдыкцыі. Расследаванне заснавана на ўцечках дакументаў новазеландскай кампаніі Worldclear і банка Pacific Private Bank (PPB), зарэгістраванага ў Вануату.

Расследаванне падрыхтавана ў супрацоўніцтве з Цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP, новазеландскай платформай фінансавых навін interest.co.nz, арганізацыяй па фінансавай адукацыі журналістаў Finance Uncovered, літоўскім парталам 15min.lt, шведскай газетай Expressen і ініцыятывай «Рабочы Рух», пры падтрымцы «Кіберпартызан».

Аўтары сцвярджаюць, што выявілі сетку звязаных паміж сабой кампаній у афшорных юрысдыкцыях, праз якія на працягу некалькіх гадоў праходзілі шматмільённыя пераводы. Паводле даных БРЦ, ключавую ролю ў схеме адыгрываў літоўскі прадпрымальнік Вілюс Каваляўскас, які з 2014 па 2018 гады валодаў банкам PPB.

Вывад грошай з МТБанка кампаніі Алексіна афармлялі пад выглядам перадаплаты за нафтапрадукты. Грошы пераводзілі, затым скасоўвалі кантракт і вярталі перадаплату назад. За тыя некалькі месяцаў, якія праходзілі да вяртання «перадаплаты», кіпрская фірма-атрымальнік Sumsteg International Limited выдавала з гэтых сродкаў кароткатэрміновыя крэдыты, зарабляючы на працэнтах. Sumsteg належала Мехці Мехціеву — сябру сына Алексіна Дзмітрыя. Але кіравала ёй літоўская кампанія Lewben Каваляўскаса, вядомая тым, што абслугоўвала «кашалькі» Аляксандра Лукашэнкі.

Толькі з 2015 па 2021 год бакі скасавалі дагаворы з перадаплатай амаль на 500 млн долараў.

Частку сродкаў ад гэтай дзейнасці фірма Sumsteg выводзіла праз Pacific Private Bank у Вануату з дапамогай новазеландскай плацежнай сістэмы WorldClear. Гэтая сістэма вядомая працай з кліентамі высокай рызыкі. Далей грошы ўжо пералічваліся на асабісты рахунак Аляксіна пад выглядам вяртання пазыкаў. БРЦ адсачыў як мінімум 3,5 млн долараў, якія такім чынам паступілі на рахунак Алексіна.

Эксперты па фінансавых злачынствах, якіх апытаў БРЦ, убачылі ў гэтай схеме прыкметы ўтойвання паходжання сродкаў і магчымага ўхілення ад выплаты падаткаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!