У Малдове паведамляюць пра выбух беспілотніка
Рэдакцыя Reform.news · 30 верасня 2026, 23:07
https://reform.news/be/u-maldove-pavedamljajuc-pra-vybuh-bespilotnika/Міністэрства абароны Малдовы паведамляе пра неапазнаны аб’ект, які перасёк паветраную прастору краіны на фоне масіраванай расійскай атакі на Украіну.
Паводле даных Службы паветраных аперацый Нацыянальнай арміі, аб’ект перасёк мяжу Малдовы ў 20:45 з боку ўкраінскага населенага пункта Шэршэнцы ў напрамку Слабадзеі-Рашкаў. Затым ён накіраваўся ў бок сяла Цыпава ў Рэзінскім раёне Малдовы.
Аб’ект знік з сістэм маніторынгу ў раёне Брэнешць Аргееўскага раёна. На час яго пралёту паветраная прастора цэнтральнай часткі Малдовы была закрытая. У 21:07 паветраную прастору ў цэнтральнай зоне зноў адкрылі.
Маніторынг паветранай прасторы краіны працягваецца.
Паліцыя Малдовы паведаміла пра выбух беспілотніка ў Аргееўскім раёне. Звестак пра пацярпелых не паступала. Пасля выбуху аб’екта паблізу трасы паміж населенымі пунктамі Іванча і Брэнешць на месца прыбылі супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія ачапілі тэрыторыю. Рух па трасе часова перакрылі ў абодвух напрамках, аўтамабілі спынілі за межамі небяспечнай зоны.
На месца накіраваныя спецыялісты тэхнічна-выбухатэхнічнага аддзела паліцыі для агляду аб’екта і высвятлення абставін здарэння.
Паліцыя заклікала вадзіцеляў аб’язджаць гэты ўчастак дарогі і выкарыстоўваць альтэрнатыўныя маршруты. Жыхароў таксама папрасілі не набліжацца да невядомых прадметаў або іх фрагментаў і паведамляць пра іх па нумары 112.
За сённяшні дзень гэта ўжо трэці беспілотнік, які заляцеў на тэрыторыю Малдовы. Першы заўважылі каля 5:40, пасля чаго ён упаў у раёне Аненій-Ной. Пазней Міністэрства абароны Малдовы паведаміла яшчэ пра адзін рэактыўны дрон, які пранік у паветраную прастору краіны з усходу, праз тэрыторыю непрызнанага Прыднястроўя.
