У Магілёве знеслі ўнікальны «дом з брандмаўэрам»: горад страціў апошняга сведку вуліцы Ледзькаўскай

У Магілёве знішчаны апошні сведка забудовы старой Ледзькаўскай вуліцы — драўляны асабняк па вуліцы Сялянскай, 6. На яго месцы з’явіцца тыпавы панэльны інтэрнат, а гістарычная трасіроўка вуліцы назаўжды знікне з карты горада, заўважае тэлеграм-канал «Спадчына».

Чым быў унікальны гэты дом?

Будынак пачатку XX стагоддзя быў адзіным у Магілёве драўляным домам з вонкавым брандмаўэрам — масіўнай мураванай супрацьпажарнай сцяной на торцы. Гэта рэдкая архітэктурная асаблівасць для беларускіх гарадоў, якая дазваляла будаваць драўляныя дамы ўшчыльную адзін да аднаго, не баючыся пажараў.

Дом меў і багатую «музейную» біяграфію. З 1981 да канца 1990-х тут знаходзіўся Музей этнаграфіі. А ў апошнія гады ў памяшканнях працавалі рэстаўрацыйныя майстэрні абласнога краязнаўчага музея.

Было. Фота: Могилёвонлайн.
Стала: паблік “Магілёў. Горад, які быў…”.

Знос дзеля «панэльнай скрыні»

На месцы знесенай гісторыі плануюць узвесці чатырохпавярховы інтэрнат для навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3. Паводле апублікаваных рэндараў, гэта будзе тыпавая панэльная пабудова, якая выглядае чужародна ў кантэксце цэнтра горада.

Эксперты «Спадчыны» звяртаюць увагу на абсурднасць сітуацыі: гістарычны дом не трапляў непасрэдна пад пляму забудовы новага інтэрната. Яго знеслі, каб вызваліць месца пад дадатковую пляцоўку для суседняга дзіцячага садка. Разам з домам былі знішчаны і старыя дрэвы, якія акружалі сядзібу, што канчаткова стэрылізавала гістарычную прастору і пазбавіла гэты квартал рэшткаў утульнасці.

Фота: mogilev.gov.by.

Канчатковае знікненне вуліцы

Гістарычная Ледзькаўская вуліца (перайменаваная ў Сялянскую) была практычна знішчана яшчэ ў 1930-я гады, калі яе перагарадзілі сталінскім домам. Дом №6 заставаўся апошнім «якарам», які трымаў маштаб і характар старадаўняга раёна.

Цяпер жа трасіроўка вуліцы знікне цалкам. Праект не прадугледжвае нават сімвалічнага захавання памяці аб ёй — напрыклад, праз выкарыстанне адрознай брукаванкі на месцы страчанага шляху. Апошні кавалак асфальтаванай дарогі, які вёў да дома, будзе дэмантаваны і перапланаваны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!