У Літве заявілі пра кібератаку на інфармацыйную сістэму МУС
Рэдакцыя Reform.news · 25 верасня 2026, 19:07
https://reform.news/be/u-litve-zajavili-pra-kiberataku-na-infarmacyjnuju-sistjemu-mus/На інфармацыйную сістэму Міністэрства ўнутраных спраў Літвы была здзейсненая гібрыдная кібератака, паведамляе ведамства.
«У чацвер увечары, 24 верасня, міністр унутраных спраў Літвы Марцінас Кацелінас быў праінфармаваны пра кібератаку на інфармацыйную сістэму Дэпартамента інфарматыкі і сувязі ў структуры МУС. Атаку ўдалося выявіць з дапамогай новых сродкаў бяспекі і спыніць яе дзеянне», — паведамляе МУС Літвы.
Паводле папярэдняй інфармацыі, была ўзламаная інфармацыйная сістэма публічных паслуг EPEKIS, звязаная з выдачай дакументаў, якія сведчаць асобу, і іншых дакументаў, кансультаваннем, прадастаўленнем інфармацыі грамадзянам Літвы і замежнікам. EPEKIS актыўна не выкарыстоўваецца з 2018 года і сёння выконвае функцыю архіва. У ёй захоўваюцца даныя замежнікаў, якія падавалі заявы на літоўскае грамадзянства. Большасць даных у сістэме — імёны і прозвішчы замежнікаў без асабістых ідэнтыфікацыйных нумароў.
МУС заяўляе, што незаконны доступ да сістэмы быў аператыўна спынены. Факт перасылкі даных зламыснікамі не ўстаноўлены.
