У Літве судзяць шасцярых замежнікаў, абвінавачаных у тэрарызме. Сярод іх ёсць грамадзянін Беларусі

У Шаўляйскім абласным судзе пачаўся закрыты працэс над шасцю замежнікамі, абвінавачанымі ў спробе падпалу абсталявання, прызначанага для падтрымкі Украіны. Пасяджэнне пачалося каля 14:00, піша LRT са спасылкай на BNS.

Справа была перададзена ў суд у студзені. На лаве падсудных апынуліся пяць мужчын і жанчына — грамадзяне Беларусі, Калумбіі, Іспаніі, Кубы і Расіі. Фігурантам прад’яўлены абвінавачанні ва ўдзеле ў тэрарыстычнай групе, замаху на здзяйсненне тэракту і фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці.

Абвінавачаных даставілі ў залу суда пад канвоем каля дзесяці супрацоўнікаў спецыяльнага падраздзялення паліцыі, частка з якіх была ўзброена аўтаматамі. Паліцыя не дазволіла журналістам размаўляць з іспанамоўнымі абвінавачанымі, з двума з іх адвакаты размаўлялі на рускай мове. Адзін з абвінавачаных, праходзячы міма журналістаў, выкрыкнуў грубую лаянку на іспанскай мове, піша рэсурс.

Паводле даных пракуратуры, у верасні 2024 года абвінавачаныя планавалі знішчыць інфраструктуру і прадукцыю кампаніі TVC Solutions коштам каля 5,5 мільёна еўра — мабільныя станцыі аналізу радыёхвалевага спектру, прызначаныя для ўзброеных сіл Украіны. Паводле даных праваахоўных органаў, дыверсію яны спрабавалі здзейсніць па заданні і ў інтарэсах расійскай ваеннай разведкі ГРУ.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!